СЁННЯ — ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ.Цікавыя факты

Калейдоскоп

У лютым у свеце адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы. Для нашага народа такой спрадвеку з’яўляецца беларуская. Яна прайшла доўгі шлях, на якім былі як часы росквіту, так і заняпаду. Выпадалі нават такія перыяды, калі беларуская мова ледзь не знікла, аднак, нягледзячы на ўсе перашкоды, вытрымала выпрабаванні і цяпер займае сваё пачэснае месца сярод іншых моў свету.

ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ ПРА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ

• Літаратурная беларуская мова надзвычай багатая: па розных ацэнках, яна налічвае ад 250 000 да 500 000 слоў.

• Беларускі філолаг Фёдар Янкоўскі вызначыў паміж беларускай і рускай мовамі 27 фанетычных адрозненняў, 43 марфалагічныя і болей за 20 сінтаксічных.

• Скульптурным увасабленнем адметнасці нашай мовы з‘яўляецца помнік літары «Ў» у Полацку (2003 год).

• Сусветна вядомы польскі паэт Адам Міцкевіч, які нарадзіўся на Навагрудчыне, шанаваў беларускую мову і лічыў яе найбольш захаванай і гарманічнай з усіх славянскіх моў.

• Паводле ЮНЕСКА, наша мова з’яўляецца самай мілагучнай пасля італьянскай.

• Беларуская мова мае тры алфавіты: кірылічны, самы распаўсюджаны сёння, пачаў ужывацца ў XIV ст.; лацінка з’явілася ў XVI ст.; па-беларуску арабскай вяззю пісалі татары, якія аселі ў Беларусі пасля ардынскіх набегаў.

• Згодна з данымі апошняга перапісу насельніцтва, носьбітамі беларускай мовы ў краіне з’яўляюцца каля 6 340 000 яе жыхароў. Па гэтым крытэрыі наша мова займае 69 месца ў сусветным рэйтынгу.

• Венгерскі матэматык і лінгвіст Андраш Корнай апублікаваў у 2013 годзе навуковую працу «Лічбавая смерць моў». Ён вывучаў тыя сусветныя мовы, якія знаходзяцца пад пагрозай вымірання ў інтэрнэце і ў элек- тронных прыладах. Беларускую мову вучоны аднёс да ліку бясспрэчна жывых.

■ Падрыхтавала Жанна БЯЛЬКО.