Развіталіся з зімой

Калейдоскоп

Напрыканцы лютага беларусы па традыцыі адзначаюць старажытнае народнае свята — Масленіцу. Весела ды цікава прайшло яно ў мінулую суботу і ў СШ № 1. Бадзёры і ўзнёслы настрой панаваў на пляцоўцы, дзе сабраліся вучні, іх настаўнікі і бацькі.

У школе дзейнічае гурток «Святы», на якім пяцікласнікі знаёмяцца з беларускімі нацыянальнымі традыцыямі. Вось і цяпер дзеці загадзя падрыхтаваліся да Масленіцы: падрабязна разгледзелі абрады і звычаі, распрацавалі сцэнарый, падабралі адпаведныя конкурсы.

З ахвотай штогод удзельнічаюць у мерапрыемстве вучні розных класаў, іх настаўнікі і бацькі, асабліва гэта датычыцца прыгатавання аднаго з галоўных сімвалаў свята — апетытных бліноў. На масленічным стале яны цешылі вока сваёй разнастайнасцю: былі там як традыцыйныя, так і досыць незвычайныя, напрыклад, рознакаляровыя, у форме сэрца. Прысутныя з задавальненнем ласаваліся смачнымі блінамі з гарачым чаем. Добраму настрою спрыялі таксама вясёлыя конкурсы, гульні і забавы, шматлюдныя карагоды і бадзёрыя песні, спартыўныя спаборніцтвы.

Галоўным жа момантам масленічных забаў стала традыцыйнае спальванне саламянага пудзіла, што сімвалізуе развітанне з зімой.

■ Жанна БЯЛЬКО.