«Маяк Браслаўскі» на 87 месцы ў рэспубліцы і 5 у вобласці па вытворчасці малака

Деньги

Міністэрства сельскай гаспадаркі і прадуктаў харчавання падвяло вынікі работы жывёлагадоўчай галіны за 2017 год. За аснову эфектыўнай работы абласцей, раёнаў і сельгаспрадпрыемстваў узята вытворчасць малака як асноўная крыніца фінансавых паступленняў.

Не першы год перад жывёлаводамі рэспублікі ставіцца задача выйсці на сярэдні надой ад каровы ў 5 тысяч кілаграмаў малака. Аднак і ў мінулым годзе гэты паказчык не быў дасягнуты. На пяцітонную прадукцыйнасць летась выйшлі 49 раёнаў, а чатыры з іх надаілі больш за 7 000 кілаграмаў. У сярэднім па рэспубліцы мінулагоднія надоі ў параўнанні з 2016 годам павялічыліся на 136 кілаграмаў і дасягнулі 4 990 кг ад кожнай каровы.

Сярод 118 раёнаў рэспублікі наш з сярэднім надоем у 3 378 кг размясціўся на 108 месцы і ўступіў 2 пазіцыі ў параўнанні з 2016 годам.

У 2017 годзе таварнасць рэалізаванай прадукцыі склала 89,7 %, па Віцебскай вобласці — 88,2, па раёне — 89,8.

Па даных Нацыянальнага статкамітэта, 507 сельгаспрадпрыемстваў з 1 249 надаілі ад кожнай каровы звыш 5 000 кг малака ад каровы. У гэтым ганаровым табелі аб рангах значацца і 2 гаспадаркі Браслаўскага раёна. ПГ «Урбаны» нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры» з надоем у 5 352 кг малака і прыростам у 173 кілаграмы размясцілася на 398 месцы.

Асобна трэба адзначыць работу па вытворчасці малака СВК «Маяк Браслаўскі», дзе ў 2017 годзе кожная карова дала 7 294 кг малака, што на 39 больш, чым у папярэднім годзе. З гэтымі паказчыкамі гаспадарка заняла 87 месца ў рэспубліцы і 5 у вобласці. У Віцебскім рэгіёне надаіць больш здолелі толькі ў СВК «Ларынаўка» Аршанскага, філіяле «Віраўлянскі» Гарадоцкага, СВУ «Мазалавагаз» Віцебскага і ААТ «Шайтарова» Верхнядзвінскага раёнаў. Ва ўсіх пералічаных гаспадарках дзейнічаюць буйныя рабатызаваныя малочнатаварныя комплексы. Таму дасягненні «маякоўцаў», дзе працуе адна даільная зала, а на астатніх фермах дояць малакаправодам, значна ўзрастаюць у цане.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.