Амаль 20 тон сухароў браслаўскія хлебапёкі вырабілі для ваеннаслужачых расійскай арміі

Деньги

Для работнікаў мясцовага хлебазавода апошні месяц мінулага года выдаўся асабліва напружаным. У ліку трох прадпрыемстваў «Віцебскхлебпрама» яны атрымалі заказ на выпуск сухароў «Армейскія» для ваеннаслужачых расійскай арміі.

Як паведаміла начальнік вытворча-тэхнічнай лабараторыі прадпрыемства Марына Канончык, патрабаванні да гэтай прадукцыі прад’яўляліся строгія. Трэба было вытрымаць усе якасныя паказчыкі па рэцэптуры, форме і выпечцы. Да таго ж і тэрмін іх захоўвання большы за паўгода. Каб адгрузіць амаль 20 т сухароў, браслаўскія хлебапёкі на працягу месяца шчыравалі літаральна суткамі. У выніку заказчыкі атрымалі прадукцыю своечасова і ацанілі яе высока.

Гэты заказ падштурхнуў спецыялістаў прадпрыемства распрацаваць і запусціць у вытворчасць уласныя сухары-грэнкі для ўнутранага рынку. Іх вырабляюць на аснове фармавога хлеба і пасыпаюць рознымі прыправамі. Магчыма, хрусткая прадукцыя зможа саставіць канкурэнцыю чыпсам і папулярным сухарыкам.

І гэта не адзіная навіна з браслаўскага прадпрыемства. Каб сельскія жыхары мелі магчымасць на месцы набыць свежы хлеб, завод адкрыў яшчэ дзве фірменныя гандлёвыя кропкі — у Слабодцы і Плюсах. Карыстаецца попытам прадукцыя браслаўскіх хлебапёкаў і ў расійскіх спажыўцоў, пра што сведчаць вынікі выязнога гандлю ў суседзяў.

Так ва ўмовах рыначных адносін калектыў завода імкнецца вытрымаць канкурэнцыю, знайсці свайго спажыўца і для гэтага ўмела спалучае традыцыйныя тэхналогіі і інавацыйныя распрацоўкі.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.