Селета споўнілася 15 гадоў з дня заснавання Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. З гэтай нагоды «Браслаўская звязда» запрасіла да размовы начальніка Браслаўскай міжраённай інспекцыі Віталя Буду.
— Віталь Баляслававіч, раскажыце, калі ласка, пра мэты і накірункі вашай дзейнасці.
— Дзяржінспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь з’яўляецца спецыяльна ўпаўнаважаным дзяржаўным органам, які падпарадкоўваецца кіраўніку краіны і ажыццяўляе кантроль за аховай і выкарыстаннем дзікіх жывёл, што адносяцца да аб’ектаў палявання і рыбалоўства, драўнінна-хмызняковых раслін і зямель пад імі, ляснога фонду, аб’ектаў жывёльнага і расліннага свету, забеспячэннем рыбаводнымі арганізацыямі захаванасці рыбы, якая гадуецца ў сажалках.
Мы таксама кантралюем выкананне законаў, рашэнняў Прэзідэнта і Урада Рэспублікі Беларусь, іншых дзяржаўных органаў, якімі рэгулююцца ахова і выкарыстанне аб’ектаў жывёльнага і расліннага свету, зямель.
— Наколькі шырокая зона адказнасці вашага рэгіянальнага органа?
— У яе ўваходзяць Браслаўскі, Мёрскі і Шаркаўшчынскі раёны. На іх тэрыторыі дзейнасцю займаюцца 6 арандатараў і 1 карыстальнік рыбалоўных угоддзяў, 4 і 1 адпаведна — паляўнічых угоддзяў, 3 лесакарыстальнікі. Кантроль за іх дзейнасцю вядуць 4 дзяржінспектары. У сваёй рабоце найбольшую ўвагу ўдзяляем рыба- і паляўнічагаспадарчай дзейнасці, высечцы расліннасці. Асаблівую ўвагу надаём кантролю за асабліва ахоўнымі тэрыторыямі нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры», ландшафтнага заказніка «Ельна», гідралагічных «Рычы» і «Балотны Мох», на якіх жывуць дзікія жывёлы і растуць расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
— Віталь Баляслававіч, закончыўся 2017 год. Раскажыце пра вынікі работы вашай інспекцыі ў гэтым перыядзе.
— За мінулы год намі праведзена 113 палявых кантрольных мерапрыемстваў, у тым ліку 42 разам з іншымі службамі. Работа, якая патрабавала карпатлівай падрыхтоўкі і спецыяльных навыкаў, была скіравана на выяўленне грубых парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства. Такіх выяўлена 55. Па пяці матэрыялы былі перададзены ў праваахоўныя органы, па іх заведзена 4 крымінальныя справы.
— Дзякуй за змястоўную размову.
Віншуем з узнагародай!
Тыдзень таму назад у Мінску прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 15-годдзю ўтварэння інспекцыі. На ім Віталь Буда за добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў, значны ўклад у ажыццяўленне кантролю за аховай і выкарыстаннем аб’ектаў жывёльнага і расліннага свету, зямель узнагароджаны граматай дзяржінспекцыі АЖ і РС пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. ■
■ Гутарыў Аляксандр АЗЕВІЧ. Фота аўтара.