Нават зуб маманта захоўваецца ў фондах Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў

Калейдоскоп

Дзе і як захоўваюцца экпанаты, якія выстаўляюцца падчас выставак Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў? Хто зберагае і ведае гісторыю кожнай рэчы? «Браслаўская звязда» пабывала ў музейных фондах установы і пазнаёмілася з дзейнасцю іх супрацоўнікаў.

БОЛЬШ ЗА 25 000 РЭЧАЎ

Маімі экскурсаводамі сталі супрацоўнікі фондаў Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў Міхаіл Кахановіч і Аліна Выжыкоўская. Яны расказалі, што тут усяго захоўваецца 25 052 музейныя экспанаты. На кожны складзена апісанне, а ў 2012 годзе была закуплена аўтаматызаваная сістэма, якая дала магчымасць перадаваць інфармацыю пра музейныя прадметы ў дзяржаўны каталог Музейнага фонда. Усе эк спанаты размеркаваны па калекцыях (археалогія, кнігі, нумізматыка, адзенне і г. д.) і асобных прадметах музейнага значэння. На іх аснове і ствараюцца выстаўкі.

— Вось нядаўна, напрыклад, рыхтавалі рэчы для адпраўкі ў Віцебск на экспазіцыю, прысвечаную юбілею вобласці. Трэба было адабраць пяць экспанатаў, якія б адлюстроўвалі гісторыю Браслаўшчыны, — кажа Міхаіл Мар’янавіч. — Часта да нас звяртаюцца і мясцовыя жыхары з просьбай дапамагчы адшукаць дакументы ці дапамагчы сабраць інфармацыю.

ЛАБІРЫНТ КАЛЕКЦЫЙ

Пасля тэарэтычнай падрыхтоўкі Аліна Выжыкоўская і Міхаіл Кахановіч прапаноўваюць мне ўбачыць фонды знутры. Мы пераходзім з невялікага кабінета ў памяшканні, якія запоўнены металічнымі і драўлянымі шафамі, стэлажамі, каробкамі з надпісамі і нумарамі. Кожны сантыметр памяшканняў прыстасаваны да захоўвання. Цікава, быццам апынуўся ў скарбніцы. Заўважаю на шафах патэфоны, на сценах — гадзіннікі, календары розных гадоў… Шчыра кажучы, кожны крок па гэтых пакоях нібы вяртае назад у мінулае. Канверты з акуратна напісанымі адрасамі, дамавыя кнігі, фотаздымкі, люстэркі, самавары, вакол якіх некалі збіраліся сем’і, адзенне, што насілі браслаўчане, і іншыя экспанаты, якія хочацца ўважліва разглядаць. Заўважаю, што на стале выстаўлены посуд: талеркі, кубкі, супніцы… «Рыхтуем выстаўку фарфору», — тлумачыць А.Выжыкоўская.

Падыходзім да адной з шафаў, на ёй значыцца надпіс «Кнігі з аўтографамі». Міхаіл Мар’янавіч расказвае, што на паліцах захоўваюцца выданні з сапраўднымі аўтографамі іх аўтараў. Напрыклад, Максіма Танка, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, замежных пісьменнікаў і г. д. І гэта таксама асобная калекцыя фондаў.

— Да нас нярэдка прыязджаюць навукоўцы з Мінска. Яны працуюць, вывучаюць эскпанаты. Нейкія, як, напрыклад, гэты гаршчочак, знойдзены падчас раскопак, складаюць па рэштках, — адзначае Аліна Аляксандраўна. — Увогуле, у нас кожны экспанат са сваёй гісторый. Вось гэты гадзіннік, у прыватнасці, адносіцца да ХІХ стагоддзя, ён з драўляным цыферблатам. Цікава, што такі ж трапіў на карціну мастака Ю. Пэна (настаўніка Шагала). А вы бачылі сапраўдны зуб маманта? Ён ёсць у нашых фондах і знойдзены, дарэчы, у пясчаных кар’ерах каля вёскі Мілашкі.

060050АДКУЛЬ ЭКСПАНАТЫ?

Фонды музеяў пачалі фарміравацца адначасова са з’яўленнем самой установы. Дарэчы, А. Выжыкоўская стаяла практычна ля іх вытокаў. Яна кажа, што музейныя работнікі ездзілі ў экспедыцыі, збіралі прадметы па знаёмых. І гэты працэс працягваецца. У музеі заўжды рады навінкам. За апошнія два гады асноўны фонд папоўніўся 878 музейнымі прадметамі. Усе яны паступілі ў выніку перадачы ці дарэння. З удзяч- насцю супрацоўнікі кажуць пра многіх жыхароў Браслава, якія прыносяць асабістыя дакументы і цікавыя знаходкі. Так, напрыклад, адзін браслаўчанін перадаў больш за 140 рэчаў: яны сталі добрым дапаўненнем музейных калекцый.

Цяпер супрацоўнікі фондаў падбіраюць экспанаты для выставак, якія запланаваны на бягучы год. Кажуць, што браслаўчан чакае шмат сюрпрызаў, так што абавязкова хадзіце на музейныя мерапрыемствы і даведвайцеся новае пра гісторыю Браслаўшчыны!

■ Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.