26 гадоў у галіне паштовай сувязі

Люди

33У студзені 2018 года споўніцца 26 гадоў працоўнага стажу Валянціны Трабша ў галіне паштовай сувязі. Па адукацыі яна настаўнік пачатковых класаў і пэўны час працавала па спецыяльнасці ў Даўгаўпілсе. Але ў ліхія 90-я гады на сямейным савеце вырашылі вярнуцца ў родную Беларусь — на малую радзіму мужа.

У вёсцы Дубраўка сям’я пасялілася ў калгасным доме, які пазней гаспадар прыватызаваў і адрамантаваў. Тут жа ў Дубраўцы Валянціна працаўладкавалася паштальёнам, а ўжо праз год граматную і камунікабельную жанчыну назначылі начальнікам мясцовага аддзялення паштовай сувязі.

Чатыры гады таму назад аддзяленне скарацілі, з той пары В. Трабша зноў выконвае абавязкі паштальёна.

— Жыхароў ў вёсках становіцца ўсё менш, — кажа абаяльная жанчына. — Памятаю, у 90-я гады ў Дубраўцы адных толькі пенсіянераў налічвалася больш за 140 чалавек. Цяпер жа і з ўлікам суседніх Якштаў, Плетарова і Стаўрова абслугоўваю каля 80 грамадзян.

— Валянціна Андрэеўна, людзі звычайна даволі востра ўспрымаюць звестку пра закрыццё падраздзяленняў пошты, банка ці магазінаў. Што змянілася для мясцовых жыхароў пасля таго, як перастала існаваць аддзяленне сувязі ў Дубраўцы?

— На пошту (згодна з рэжымам яе работы) можна было прыйсці з якой-небудзь патрэбай у любы для сябе час. Цяпер гэта, бадай, адзіная нязручнасць. Але ж, з другога боку, я раблю падворны абход. Паштовая машына кожны дзень, акрамя нядзелі і панядзелка, прывозіць да мяне з Браслава перыядычныя выданні, карэспандэнцыю, спадарожныя прамысловыя і харчовыя тавары. Прымаю ўсё, афармляю дакументальна і звычайна пасля абеду пачынаю абход.

В. Трабша дастаўляе дадому вяскоўцам не толькі свежую прэсу, паштовыя адпраўленні, пенсіі і тавары, але і прымае разнастайныя плацяжы. Таму ёй па-рознаму даводзіцца затрымлі- вацца ў тым ці іншым доме. Да таго ж яе кантынгент у большасці сталага ўзросту, ёсць і жыхары, якім больш за 90 гадоў. Не дзіўна, што ім хочацца пагутарыць з носьбітам навін, расказаць і самім, вобразна кажучы, дзе што баліць. Тэлефануюць вяскоўцы свайму паштальёну і дадому, калі трэба, скажам, заказаць які-небудзь тавар, тэрмінова зрабіць грашовы перавод. Такія адносіны ўсіх задавальняюць.

Увогуле ж трэба сказаць, што Валянціна Трабша любіць і ўмее кантактаваць з людзьмі, якім аказвае паслугі. Кажа, што за столькі гадоў нязменнай працы душой прыкіпела да сваёй справы.

На добрым рахунку жанчына і ў кіраўніцтва паштовай сувязі. У яе скарбонцы стос ведамасных грамат, сярод якіх і Ганаровая грамата Міністэрства сувязі Рэспублікі Беларусь. А сёлета за асабісты ўклад у вынікі працы галіны В. Трабша прысвоена ганаровае званне «Ветэран працы».

■ Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.