Вандруем разам: Замошша

Калейдоскоп

IMG_5536 (Medium)

Кожны населены пункт Браслаўшчыны мае сваю асаблівую гісторыю. Добры прыклад таму — Замошша Ахрэмавецкага сельсавета. Дзіўна, але ў летапісе гэтай невялікай вёскі практычна кожнае стагоддзе пакінула свой след. Пабываць там і пашырыць свой кругагляд вам прапаноўвае «Браслаўская звязда».

 

СТАРАЖЫТНАЕ ПАСЯЛЕННЕ

IMG_5560 (Medium)

На Браслаўшчыне маецца некалькі гарадзішчаў, даследаванне якіх дазваляе даведацца пра жыццё на- шых продкаў. У Замошшы таксама ёсць археалагічны помнік. Так, таблічка на ўскрайку высокай гары практычна ў цэнтры населенага пункта сведчыць пра тое, што пад нагамі сапраўднае гарадзішча VI ст. да н. э. — ІІІ ст. н.э.

IMG_5562 (Medium)
На гарадзішчы ўстаноўлены ахоўны знак

ПАЎСТАНЦКІЯ СУТЫЧКІ І ВАЙНА 1812

У 1792 годзе побач з Замошшам прайшла мяжа падзелу Рэчы Паспалітай і вёска адышла да Расійскай імперыі. У час паўстання 1794 г. непадалёку ад населенага пункта адбылася сутычка паміж паўстанцамі і часцямі расійскай арміі. Адзначылася ў жыцці вёскі і вайна 1812 года. Напрыклад, тут прыпыняўся маршал І. Мюрат. А падчас паўстання 1863 — 1864 гг. у наваколлі Замошша размяшчаўся паўстанцкі атрад Я. Ельскага-Ёдкі.

ЦЭНТР ПАРТЫЗАНСКАЙ БАРАЦЬБЫ

Падчас Вялікай Айчыннай вайны вёска становіцца цэнтрам партызанскага жыцця. Справа ў тым, што тут падчас вайны размяшчаліся браслаўскія падпольныя райкамы КПБ і ЛКСМБ, а таксама штаб партызанскай брыгады імя Жукава. У гонар гэтага ў вёсцы ўстаноўлены помнік.

РАДЗІМА МАЛЕНЬКАЙ ГЕРАІНІ

Вольга Максімовіч — юная патрыётка і піянерка, сувязная і разведчыца партызан. Выконваючы чарговае заданне, была схоплена немцамі і расстраляна пасля катаванняў.

ДУХОЎНАЯ СПАДЧЫНА

IMG_5540 (Medium)
Праваслаўная царква была адноўлена вернікамі.

У Замошшы ёсць праваслаўная царква і каталіцкі касцёл з цікавымі гісторыямі. Царква, узведзеная ў 1761 годзе, была моцна пашкоджана падчас Вялікай Айчыннай вайны, а ў пачатку 90-х адрэстаўрыравана за людскія ахвяраванні. Аднаўлялі яе каля 10 гадоў. Званы ж на храм даставалі з возера, куды тыя былі прытоплены падчас ваенных дзеянняў. Касцёл быў пабудаваны ў 1798 годзе, а ў 1943 спалены. Дарэчы, знаходзіўся ён раней на гарадзішчы жалезнага веку. Ад касцёла яшчэ захаваліся каменныя прыступкі. Цяпер жа католікі моляцца ў цагляным будынку, які быў спецыяльна набыты і перабудаваны пад касцёл. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.