У аграгарадкоў свае брэндавыя мерапрыемствы

Калейдоскоп

Кожны населены пункт на Браслаўшчыне адрозніваецца ад суседняга сваёй гісторыяй і асаблівасцямі ўкладу жыцця. Несумненна, жыхары ганарацца гэтым. Менавіта таму ў апошнія гады набіраюць папулярнасць брэндавыя мерапрыемствы.

УСЛАЎЛЯЮЦЬ БУЛЬБУ

1Бульбай славіцца аграгарадок Далёкія, бо многія вяскоўцы вырошчваюць яе не только для свайго стала: жыхары іншых населеных пунктаў даўно ацанілі смак далячанскай «знакамітасці». Вось і 16 верасня «Далячанскі бульбаслаў» у аграгарадку Далёкія сабраў аднавяскоўцаў у чарговы раз, каб ушанаваць «другі хлеб» і аддаць хвалу лепшым «бульбаводам». Мерапрыемства, якое праводзіцца не першы год, палюбілася і заўсёды выклікае цікавасць. Сёлета тэатралізаванае прадстаўленне таксама нікога не пакінула абыякавым. Вяскоўцы добра павяселіліся і пасмяяліся над жартаўлівай сцэнкай, якую падрыхтавалі работнікі мясцовага Дома культуры з удзелам землякоў. З цікавасцю даведаліся пра ўраджай на мясцовых падворках і сартах бульбы, якая на іх вырасла, адведалі і смачныя стравы з яе. Працягнулася свята выступленнем самадзейных артыстаў з Браслаўскага РЦК.

ЭХ, ЯБЛЫЧАК!

Свой брэнд маюць і жыхары Богіна. У гэтым населеным пункце амаль каля кожнага дома растуць яблыні, якія штогод радуюць сваім ураджаем. Вось і з’явілася ідэя ў работнікаў Богінскага СДК у жніўні праводзіць свята яблыка. Па традыцыі на ім можна ўбачыць сарты пладовых дрэў, якія растуць у Богіна, і паспрабаваць плады. Мясцовыя гаспадыні дзеляцца рэцэптамі і частуюць сваімі стравамі. Прыдумалі тут і сваю забаву — яблычны більярд. Сёлета мерапрыемства сабрала жыхароў Богіна і суседніх вёсак і атрымалася вясёлым, каларытным і па-свойму адметным.

ЛАВІСЯ, РЫБКА

А вось у Друйску кожны год праводзяць свята рыбака, якое таксама з’яўляецца брэндавым мерапрыемствам гэтай вёскі. Рыбаловы з усёй акругі збіраюцца, каб паспаборнічаць у конкурсе на самы вялікі ўлоў. Сёлета Друйскі клуб-бібліятэка арганізаваў забаўляльную праграму з песнямі і танцамі, пасвячэннем у рыбакі, сямейная эстафета і конкурс рыбных страў таксама адбыліся. Мясцовыя жыхары з задавальннем паўдзельнічалі ў гэтым мерапрыемстве і цяпер чакаюць наступны год, каб зноў сустрэцца на любімым свяце.

САПРАЎДНАЯ КУЛЬТУРНАЯ ПАДЗЕЯ

Вядома ж, такія брэндавыя мерапрыемствы з’яўляюцца сапраўднай культурнай падзеяй для населеных пунктаў. Да іх рыхтуюцца загаддзя, работнікі культуры прадумваюць сцэнарый, ставяць канцэртныя нумары, запрашаюць людзей да ўдзелу. Словам, укладаюць душу ў тое, каб свята адбылося і ўдзельнікі не засталіся расчараванымі. І пабываўшы на такіх мерапрыемствах, акунуўшыся ў іх цёплую і душэўную атмасферу, хочацца верыць у тое, што яны будуць развівацца, рэкламаваць сябе, запрашаць у госці гледачоў з іншых населеных пунктаў. У якасці прыклада хочацца прывесці свята «Мотальскія прысмакі» на Брэсчыне. Яно прысвячаецца традыцыйнай беларускай кухні. Удзельнічаць у ім прыязджаюць госці не толькі з Беларусі, але і з іншых краін. Але да такой папулярнасці «Мотальскія прысмакі» ішлі не адзін год. Магчыма, і нашы брэндавыя мерапрыемствы, якія, несумненна, валодаюць творчым патэнцыялам, могуць развіцца ў вялікія святы, у нас ёсць што паказаць і чым ганарыцца.

■ Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.