Яшчэ адно прозвішча стала вядома і з’явілася на шыльдзе воінскага пахавання ў Відзах

Калейдоскоп Новости

Святы абавязак нас, нашчадкаў Перамогі, — захаваць і ўвекавечыць імёны ўсіх абаронцаў Айчыны для будучых пакаленняў. Для гэтага ў краіне праводзяцца значныя работы па выяўленні няўлічаных воінскіх пахаванняў, а таксама імён загінулых воінаў-вызваліцеляў.DSCN0263

Так, у Відзаўскі сельвыканкам звярнуўся Іван Каменшчыкаў з Гродзенскай вобласці і паведаміў, што на шыльдзе воінскага пахавання, якое знаходзіцца пры ўездзе ў г.п. Відзы, не хапае прозвішча яго дзядзькі-партызана, які загінуў у часы Вялікай Айчыннай вайны ў гэтых мясцінах.

Каб вырашыць пытанне, старшыня сельвыканкама Наталля Залатуха звярнулася па дапамогу ў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Адкуль далей запыт накіравалі ў Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Праз некаторы час з рэспубліканскага сховішча гістарычных дакументаў даслалі даведку, дзе пазначана, што Несцер Каменшчыкаў, 1927 года нараджэння, з 20.08.1943 г. па 15.02.1944 г. лічыўся радавым партызанскай брыгады «Спартак», якая ў ваенныя гады дзейнічала на тэрыторыі былой Вілейскай вобласці. А 15 лютага 1944 г. Несцер Ісаевіч загінуў і пахаваны ў в. Раўкета былога Відзаўскага раёна.

Дзякуючы атрыманым звесткам, адміністрацыя сельвыканкама за бюджэтныя сродкі набыла дадатковую шыльду з прозвішчам Н. Каменшчыкава. А на мінулым тыдні вучні мясцовай школы прымацавалі яе на воінскім пахаванні.

Вечная памяць табе, салдат.

■ Алена ПЯТУШКА.