Вакальная група Браслаўскага РАУС радуе слухачоў прыгожымі песнямі

Акции, конкурсы, выступления Калейдоскоп Люди Отдых

Не раз браслаўчане бачылі статных мужчын у мундзірах сярод удзельнікаў розных раённых канцэртаў. Гэта сваімі прыгожымі галасамі і песнямі радуе слухачоў вакальная група Браслаўскага РАУС. Кожны раз, падымаючыся на сцэну, міліцыянеры на справе даказваюць, што ўмеюць як годна змагацца са злачыннасцю, так і добра спяваць.55

Калі звярнуцца да вытокаў, то вакальная група РАУС узнікла ў далёкім 1994 годзе. Упершыню заспявалі міліцыянеры пад кіраўніцтвам тагачаснага намесніка начальніка міліцыі па палітыкавыхаваўчай рабоце Міхаіла Парфяновіча. Ідэя стварэння вакальнай групы пры аддзеле была хоць і не новай, бо такія музычныя калектывы існавалі ў іншых рэгіёнах, але для браслаўскіх міліцыянераў аказалася першай ластаўкай. Шмат гадоў існаваў калектыў, а потым на некаторы час спыніў сваю дзейнасць. Аднавіўся ён ужо ў 2002 годзе па ініцыятыве намесніка начальніка РАУС Эдуарда Сырыцы. За гэтыя гады змяняўся колькасны склад вакальнай групы, адны міліцыянеры пакідалі яе, другія прыходзілі. Адным словам, калектыў прайшоў значны творчы шлях. Існуе ён і сёння.

Можна сказаць, што цяпер вакальная група выступае самым маладым саставам. Сваёй творчасцю радуюць слухача чатыры вакалісты — старшы інспектар групы кадраў Яўген Шокель, начальнік штаба Аляксандр Кіслякоў, якія прыйшлі ў групу ў 2007 годзе, у 2013-м да іх далучыўся міліцыянер-канваір Віктар Падоба, а пазней — старшы оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Сяргей Сакалоў.3

Вось ужо больш за 5 гадоў трымацца на сцэне і правільна валодаць голасам вучыць міліцыянераў-вакалістаў хормайстар Раённага цэнтра культуры Марына Шыркевіч. Пад яе кіраўніцтвам канчаткова сфарміраваўся састаў групы, быў падабраны адпаведны рэпертуар, а сам калектыў стаў часта з’яўляцца на раённых мерапрыемствах. Ды і самі міліцыянеры таксама прапануюць тыя ці іншыя кампазіцыі, якія б жадалі выканаць. Рэпертуар жа вакальнай групы рознабаковы: патрыятычныя песні, народныя і сучасныя, з рэпертуара «Любэ», «Беларусаў», «Кватра».

Вакалісты групы паспяваюць і свае непасрэдныя абавязкі выконваць, і рэпетыцыі наведваць, і выступаць перад гледачамі. Канцэртнымі нумарамі яны радавалі на раённых мерапрыемствах падчас святкавання 100-годдзя міліцыі, Дня Незалежнасці, 9 Мая, Дня работнікаў сельскай гаспадаркі, на ўшанаванні лепшых па прафесіі, на абласных святах ва УУС.44

Сваімі галоўнымі мэтамі калектыў лічыць павышэнне прэстыжу службы ў міліцыі і ўдзел у конкурсах мастацкай самадзейнасці абласнога ўзроўню. Кожны год ва УУС аблвыканкама ладзіцца агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці сярод супрацоўнікаў органаў і падраздзяленняў унутраных спраў Віцебшчыны. Браслаўскія міліцыянеры-вакалісты абавязкова ў ім удзельнічаюць і, трэба зазначыць, паспяхова. І раней вакальная група РАУС была сярод лепшых, у 2014 годзе стала другой, а ў мінулым — увогуле перамагла ў сваёй намінацыі. Цяпер браслаўскія міліцыянеры таксама рыхтуюцца да такога ж мерапрыемства, якое пройдзе ў верасні ў Віцебску. Перамога ў абласным этапе дасць магчымасць выступіць ужо на рэспубліканскім узроўні.

На кожным канцэрце выступленне вакальнай групы РАУС слухачы сустракаюць бурнымі апладысментамі. Гэта таму, што як да службы, так і да выступлення вакалісты-міліцыянеры падыходзяць адказна, а спяваюць знаёмыя ўсім песні пра Радзіму, краіну, каханне і сваю прафесію.

 Таццяна ПЯТУШКА.

Фота аўтара.