Цэлае стагоддзе жыццёвага шляху за плячыма браслаўчанкі Алены Пыльнікавай.
Безумоўна, на ім трапляліся як прыпынкі шчасця, так і крутыя віражы. Перажыла жудаснае ваеннае ліхалецце, разбурэнне і голад. Паколькі была жонкай ваеннага, давялося пераязджаць з месца на месца. Потым перажыць страту мужа. Алена Афанасьеўна выгадавала дачку і ніколі не выстаўляла свае праблемы і цяжкасці напаказ.
Амаль шэсць гадоў таму назад жанчына атрымала траўму нагі і з той пары не можа хадзіць. А паколькі адзіная дачка жыве ў Даўгаўпілсе, то А. Пыльнікава цяпер знаходзіцца на сацыяльным ложку ў неўралагічным аддзяленні цэнтральнай бальніцы. Нягледзячы на выпрабаванні, яна захавала ясны розум і не скардзіцца на свой лёс.
У святочны дзень Алена Афанасьеўна прымала шчырыя віншаванні не толькі ад родных і блізкіх. Завіталі да яе начальнік АГіМ Браслаўскага РАУС Юлія Крупенька, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Галіна Караткова і дырэктар ТЦСАН Вікторыя Атрашкевіч, якія ўручылі стагадовай юбілярцы новы пашпарт і кветкі, пажадалі здароўя і сілы духу.
■ Алена ПЯТУШКА.