Корманарыхтоўчы сезон у ААТ «Агравідзы» самы працяглы

Деньги
1
Аляксандр Лапушынскі якасна працуе на нарыхтоўцы кармоў.

З усяго комплексу палявых работ корманарыхтоўчы сезон у ААТ «Агравідзы» самы працяглы. Сенакос там, як правіла, пачынаюць у апошнія дні мая, а заканчваюць перад прылётам белых мух. Прычым калі ва ўсіх гаспадарках на час уборкі ўраджаю збожжавых уся корманарыхтоўчая тэхніка ставіцца «на прыкол», у «Агравідзах» частка яе працягвае працаваць на сенажацях.

Яно і не дзіўна, бо сельгаспрадпрыемства мае два комплексы, на якіх жывёла круглы год утрымліваецца бяспрывязна. Каб забяспечыць яе паўнацэнным рацыёнам, трэба мець каля 12 тысяч тон кармавых адзінак травяністых кармоў. Гэта прыкладна столькі, колькі рыхтуюць іх «Мяжаны», «Бярозавы край» і «Відзаўскі», разам узятыя. Таму і плошчы пад сенакос адводзяць адпаведныя. Калі ўсяго па раёне запланавана скасіць першым укосам 21,4 тысячы гектараў траў, то з гэтай плошчы 4,8 тыс. га прыпадае на «Агравідзы».

Як і ў папярэднія гады, сёлета акцыянернае таварыства першым прыступіла да касьбы. З маладой травы рыхтавалі сянаж у стрэйчплёнцы. У гэтым годзе пры садзейнічанні Банка рэканструкцыі і развіцця гаспадарка ўрэшце набыла ўласны рулонны прэс-упакоўшчык, працаваць з якім даручылі аднаму з найбольш спрактыкаваных механізатараў Аляксандру Лапушынскаму. За пару дзён ён паспеў зарулоніць 518 тон высакаякаснага корму, затым пераключыўся на нарыхтоўку сена, а ў перапынках паміж гэтымі работамі навешвае касілку і дапамагае класці траву ў валкі.

Зразумела, каб назапасіць неабходны запас кармоў і зімой не пакінуць жывёлу галоднай, трэба мець дастатковы набор адпаведнай тэхнікі. Нельга сказаць, што яе гаспадарка мае ўдосталь, аднак, як лічыць дырэктар таварыства Уладзімір Залатуха, калі і з наяўнай па-гаспадарску арганізаваць работу, управіцца можна. І ўпраўляюцца, бо яшчэ не было такога года, каб «Агравідзы» куплялі кармы.

Увогуле ж, кожны дзень на палеткі выпраўляюцца 3 КВК, 7 касілак, з якіх адна з 9-метровым захопам, 4 грабілкі (адна 12-метровая). На адвозцы задзейнічаны 6 трактараў з ПІМамі і 3 МАЗы. Трамбуюць масу трыма трактарамі (2 днём і 1 ноччу). Гэтымі сіламі на мінулым тыдні закрылі апошнюю з чатырох траншэй на комплексе «Відзы-Лаўчынскія». Там умясцілася 5 800 т сенажу. Пазней заклалі 1 200 тон сакавітага корму на МТФ «Навінка», а ў пятніцу пачалі запаўняць сховішчы ў Казянах. Пасля гэтага чарга дойдзе да комплексу па адкорме БРЖ «Лайбуны».

На пачатак гэтага тыдня ў ААТ «Агравідзы» паспелі нарыхтаваць 263 т сена і 5 883 т сенажу, што складае 2 442, 7 т кармавых адзінак, ці па 5,31 ц к. адз. на ўмоўную галаву жывёлы.

Кіраўнік задаволены работай усіх механізатараў корманарыхтоўчага атрада, а сярод іх выдзеліў, акрамя ўжо ўзгаданага А. Лапушынскага, Святаслава Белуся, Івана Пучынскага, Анатоля Кірпічонка, якія працуюць на КВК, Рыгора Ханяка, што косіць траву.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.