Аляксандр Савіцкі — прафесіянал такарнай справы

Калейдоскоп Люди

1Звычайна ў дні прафесіянальных свят, падчас здачы ў эксплуатацыю аб’ектаў прынята ўшаноўваць тых працаўнікоў, якія забяспечвалі канчатковы вынік. У будаўнікоў гэта муляры і аддзелачнікі, у працаўнікоў сельскай гаспадаркі — механізатары і аператары машыннага даення, меліяратараў — экскаватаршчыкі і дрэнажнікі. І, як правіла, па-за ўвагай застаюцца тыя, хто ў «тыле» дапамагаў перадавікам дабівацца высокіх вытворчых паказчыкаў: слесары, рамонтнікі, электрыкі, наладчыкі. Паколькі гэты артыкул прысвячаецца Дню меліяратара, то па рэкамендацыі інжынернай службы прадпрыемства меліярацыйных сістэм хачу расказаць пра такога «байца нябачнага фронту» — токара Аляксандра Савіцкага, які працуе ў арганізацыі 46 гадоў.

Як расказаў Аляксандр, выбраць прафесію яму дапамагла звычайная школьная экскурсія ў тагачаснае СМУ (цяпер ПМС). Пасля агляду тэхнікі вучняў прывялі ў такарны цэх, дзе ля станка завіхаўся Міхаіл Савучонак, які, дарэчы, пазней і стаў настаўнікам А. Савіцкага.

— Мяне так зачаравала металічная стружка, якая струменіла з-пад разака, — успамінае токар, — што вачэй адарваць не мог. Усе разышліся, а я стаю бы ўкапаны.

Пасля заканчэння школы Аляксандр паступіў у Мінскі тэхнікум — асвойваць упадабаную прафесію, але па збегу абставін быў вымушаны перарваць вучобу і ў 1971 годзе ўладкаваўся ў СМУ вучнем токара. Сакрэтам свайго майстэрства яго і ўзяўся вучыць той самы М. Савучонак. Хлопец навуку «хапаў», што называецца, з лёту, і ў хуткім часе ўжо не да настаўніка, а да маладога токара ішлі механізатары і вадзіцелі з заказам вытачыць тую ці іншую дэталь.

А ў тым, што з нядаўняга вучня вырас сапраўдны майстар з залатымі рукамі, пераканаўся і сам.

Калі ў другой палове 70-х працаваў у РДК, ад саксафона адламалася і згубілася дэталька. Па контурах яна вельмі падобная да шахматнай пешкі, толькі разы ў тры меншая за фігуру, ды яшчэ са штырком у «галаве». Каб вытачыць такую, мне параілі звярнуцца да Сашы. Дык вось, калі я з саксафонам прыйшоў у такарны цэх і ўбачыў памеры станка, за якім працаваў спецыяліст, падумаў: на такім агрэгаце толькі балты да БелАЗаў і «Кіраўцаў» тачыць. Той жа ўзяў у рукі штангенцыркуль, абмерыў дэтальку, якая мацавалася побач са згубленай, і сказаў, каб прыходзіў вечарам. Вярнуў ён мне інструмент ужо з прыпаянай «пешкай», прычым на прапанову ўзяць грошы за работу адказаў: «Няхай дзеці вучацца прыгожай музыцы».

Але колькі б я ні апавядаў пра ўмелыя рукі ветэрана меліярацыйнага прадпрыемства Аляксандра Савіцкага, яго партрэт быў бы няпоўным, калі б не сказаў і пра яго духоўныя якасці, нават гатоўнасць да самаахвяравання.

Мы разам жылі ў інтэрнаце тагачаснай ПМК-44, дзе адну палову пакояў займалі сямейныя пары, другую — халасцякі. Паколькі зімой у нашых кватэрах было холадна, уключалі электракаларыферы. Плаўкія засцерагальнікі такой нагрузкі не вытрымлівалі. Не дапамагалі і «жучкі» з медным дротам. Тады хтосьці ў пробкі электралічыльніка замест зменных плаўкіх засцерагальнікаў паставіў кавалкі цвікоў. Зразумела, што гэта дабром не магло скончыцца. У адну з начэй загарэўся лічыльнік, ад яго — праводка. Калі ўжо дымілася столь, у калідор выпадкова выйшаў Аляксандр. Разбудзіў усіх. Найбольш растаропныя кінуліся з вёдрамі да кранаў. Пачыналася паніка. І тады раздаўся голас Сашы: «Усім стаяць. Ваду на агонь не ліць. Заб’е. Алег, бяжы на прахадную, выклікай пажарнікаў. Я абясточу будынак».

На вуліцы ішоў дождж. Зразумела, што на пажарным шчыце ні сякеры, ні багра не знайшлося. Тады Аляксандр адарваў ад бліжэйшага хлеўчука дошку, якой абарваў правады лініі электраперадачы, і крыкнуў у акно, каб пачыналі тушыць пажар. Яго мы ліквідавалі да прыезду пажарных.

Назаўтра я запытаў у Сашы, ці ўсведамляў ён, што абрываць правады ў мокрае надвор’е падручнымі сродкамі раўнасільна самагубству. Ён жа сціпла сказаў: «Ты ж ведаеш, колькі ў пакоях дзяцей. Гарантыі не было, што іх паспеюць вынесці».

Вось такі ён чалавек — Аляксандр Савіцкі. Калі ж вярнуцца да тэмы яго ўмелых рук, скажу так: вам патрэбна вытачыць складаную дэталь — звяртайцеся да Сашы. Ён зробіць.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара