ЭКЗАМЕН — ВЫПРАБАВАННЕ І ДЛЯ БАЦЬКОЎ

Калейдоскоп

206f3e3dd89acbcde032e104de88ec33Май няўмольна адлічвае апошнія дні перад школьнымі экзаменамі, і гэта вельмі напружаная пара як для выпускнікоў, так і для іх бацькоў. Але нярэдка дарослыя сваю трывогу перадаюць дзецям. А ім і без таго нялёгка.

Як паклапаціцца пра эмацыянальны стан свайго школьніка і правільна настроіць яго на выпрабаванні, «Браслаўская звязда» спытала ў педагога-псіхолага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Жанны Юран.

— Вельмі важна, — кажа Жанна Сяргееўна, — настроіць дзіця на тое, што экзамен не страшны звер, а ўсяго толькі чарговы этап у жыцці. Няхай сабе складаны, нервовы, тым не менш неабходны. Таму перш за ўсё бацькі павінны трымаць сябе ў руках і ўсімі намаганнямі падтрымліваць упэўненасць у сілах выпускніка.

Старшакласнікі па-рознаму ўспрымаюць матэрыял. Хтосьці чытае сабе ўслых, другія любяць, каб іх паслухалі. Часам можна і даросламу пачытаць дачцэ ці сыну, калі так лепш успрымаецца інфармацыя. Добра з кім-небудзь абмеркаваць вывучанае. Таму не трэба забараняць школьніку паўтараць матэрыял разам з сябрам. Падлетак павінен сам выбраць найбольш прадуктыўны для яго спосаб падрыхтоўкі.

Тэрмін бесперапыннай інтэнсіўнай працы — каля 40 хвілін, адзначае псіхолаг. Потым неабходна зрабіць перапынак, падчас якога можна патанцаваць, размяцца ці выпіць соку. Нельга стаяць над душой і папракаць: «Ізноў займаешся невядома чым!»

Менавіта давер да ўласных дзяцей павінен быць у аснове ўсіх вашых патрабаванняў. Не давяраючы, мы ніколі не навучым іх быць самастойнымі і адказнымі. А экзамен і ёсць праверка на самастойнасць.

Дарослыя часта кажуць сваім дзецям: «Ты мала працаваў, дрэнна займаўся, нічога ў цябе не атрымаецца». І гэта замест таго, каб усяляк іх падбадзёрыць і супакоіць. Таму перад экзаменамі, рэкамендуе Ж. Юран, сваімі словамі, поглядамі і жэстамі паказвайце, што не сумняваецеся ў здольнасцях і поспеху школьніка.

У дзень экзамену не трэба высвятляць адносіны ці сварыцца з дачкой ці сынам. А правакацыяй можа быць усё, нават погляд дарослага. Таму бацькам трэба ў любой сітуацыі быць спакойнымі і добразычлівымі. Прыгатаваць любімы сняданак, зрабіць нешта прыемнае. Важна, каб выпускнік адчуў ваш клопат і веру. Не забудзьце даць з сабой ваду (лепш негазаваную), шакаладку ці яблык.

Калі ж ваша дзіця атрымала адзнаку ніжэйшую, чым хацелася, дапамажыце яму справіцца з гэтай праблемай. Не асуджайце і не кпіце з яго, а разам разбярыцеся, у чым прычына няўдачы, каб дзіця магло зрабіць вывады на будучыню.

■ Алена ПЯТУШКА.