Пажарны апавяшчальнік ратуе жыццё

Калейдоскоп
1
Пенсіянеру з Відзаў пашанцавала, што Аляксандр Чанчын і Андрэй Курносаў (на здымку) паспелі яго выратаваць. А быў бы ў кватэры АПА, ён устрывожыў бы старога яшчэ да пачатку ўзгарання.

Сёлета ў Браслаўскім раёне назіраецца, на жаль, усплёск пажараў. З пачатку года іх адбылося ўжо 9, што на 7 выпадкаў больш, чым за той жа перыяд мінулага года.

Сем разоў выязджалі пажарныя машыны ўтаймоўваць чырвонага пеўня ў жылым сектары. У трох выпадках агонь успыхваў па прычыне няспраўнасцей пячнога ацяплення, таксама ў трох — з-за неасцярожнага курэння ў хаце і ў адным выпадку падвяла электраправодка.

Дарэчы, менавіта неасцярожнае курэнне стала прычынай таго, што ў агні зусім нядаўна загінуў чалавек. І гэты сумны спіс мог быць папоўнены, каб не пільнасць нераўнадушных грамадзян і аператыўныя дзеянні выратавальнікаў.

Калі ад дзяжурнага РАУС на Відзаўскі пажарны пост паступіў па рацыі сігнал пра ўзгаранне ў двухпавярховым шматкватэрным доме гарадскога пасёлка, камандзір мясцовага аварыйна-выратавальнага паста Аляксандр Чанчын з вадзіцелем Андрэем Курносавым, не прамаруджваючы ні хвіліны, выехалі на месца здарэння.

З акна другога паверха клубамі валіў дым. Суседка папярэдзіла агняборцаў, што ў задымленай кватэры знаходзіцца пажылы чалавек. Па лесвічным пралёце Аляксандр і Андрэй імгненна ўзбеглі наверх і ўбачылі ля дзвярэй на падлозе ўжо непрытомнага мужчыну. Выратавальнікі схапілі яго, вынеслі на вуліцу і перадалі брыгадзе «хуткай дапамогі».

Вядома, што мінімізаваць цяжкія наступствы пажараў магчыма, калі як мага хутчэй выявіць ачаг узгарання. Часцей жа бывае, што ў час, калі пачынае бушаваць полымя ці тлець ад непатушанай цыгарэты канапа, распаўсюджваючы па памяшканні ядавіты дым, дамачадцы проста спяць і не адчуваюць страшнай пагрозы. А вось маленькі прыбор, вядомы, бадай, усім як аўтаномны пажарны апавяшчальнік (АПА), «не спіць» ніколі і моцным гукавым сігналам рэагуе на самае нязначнае задымленне.

Толькі ў студзені АПА сваім пранізлівым гукам разбудзіў сонных жыльцоў у палаючых дамах ва Ушацкім, Докшыцкім і Верхнядзвінскім раёнах, тым самым выратаваў іх ад непазбежнай гібелі, у тым ліку і маці з трыма дзецьмі. А вось у суседнім Шаркаўшчынскім раёне АПА не змог падчас узгарання разбудзіць пенсіянера, які жыў адзін, але не таму, што быў бракаваны. Некалі дзеці купілі і ўстанавілі ў бацькоўскай хаце апавяшчальнік, але з цягам часу выпусцілі з-пад увагі, што ў ім своечасова трэба мяняць батарэйкі сілкавання. Ці трэба казаць, што ў крытычны момант АПА і не спрацаваў…

Як бачна, спраўны маленькі прыбор, замацаваны на столі, можа быць сапраўдным выратавальнікам жыццяў. І многія браслаўчане карыстаюцца імі. Па словах першага намесніка начальніка РАНС Сяргея Федарэнкі, за апошніх 5 гадоў толькі для катэгарыйных грамадзян — адзінокіх састарэлых, інвалідаў, сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, — за бюджэтныя і ўласныя людскія сродкі набыта больш за 1,5 тысячы АПА. Але шмат і такіх, хто скептычна адносіцца да карысці апавяшчальніка. Часцей кажуць: навошта, ды і дорага. Такія довады хочацца парыраваць радкамі з верша Аркадзя Куляшова: «Жыць застанешся, жыццё даражэй». Ніхто ж, як кажуць, ад сумы і турмы не застрахаваны, як і ад «ласкі» чырвонага пеўня. Не дай бог, канечне.

Пажарны апавяшчальнік патрэбны і карысны не толькі ў дамах з аўтаномным ацяпленнем, там, дзе жывуць старыя нямоглыя людзі ці з асацыяльнымі паводзінамі. Лічу, што гэтая рэч зусім не марная і ў любой кватэры шматпавярховак. Бадай, ці не кожная другая гаспадыня можа прыгадаць выпадак, калі на пліце згарэла страва, пастаўленая кіпяціцца бялізна, у той час як яна тачыла лясы з суседкай. І хоць такія казусы, на шчасце, рэдка заканчваюцца ўзгараннем, але ж і ад едкага паху задымленай кватэры пазбаўляцца даводзіцца доўга. А вось устаноўлены АПА адразу ж падаў бы сігнал трывогі.

АПА можна купіць у магазінах райпа ў Браславе («Тэхніка ў быце»), Відзах, Друі, Опсе, Мільках, Цяцерках, Мяжанах, Далёкіх, Купчэлях, Рубяжы, Ахрэмаўцах па цане ў залежнасці ад маркі 11 руб. 72 кап. ці 23 руб. 26 кап., а таксама ў магазіне РВПС і ва ўсіх аддзяленнях паштовай сувязі па цане 11 руб. 72 кап. Ёсць АПА і на рынку.

■ Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара