Абралі лепшых «Суперважатых»

Калейдоскоп Отдых

sm_fullУ маі піянерскі рух краіны адзначыць сваё 95-годдзе. БРПА — самае буйное дзіцячае аб’яднанне, у радах якога тысячы аднадумцаў. У кожнай школе створаны піянерскія дружыны, кіруюць якімі актыўныя і творчыя педагогі-важатыя.

У юбілейны для БРПА год пройдзе рэспубліканскі конкурс «Суперважаты» на лепшага дарослага лідара. Нядаўна адбыўся яго раённы этап, які прайшоў на базе ЦДіМ. Як прызналіся ўдзельнікі і журы, стаў ён сапраўдным святам творчасці, актыўнасці і добрага настрою. І нездарма, бо ўдзел у конкурсе прынялі самыя лепшыя ў раёне педагогі-важатыя.IMG_0370

Для таго, каб умець весці за сабой дзяцей, трэба быць сапраўдным лідарам піянерскага руху, валодаць мноствам якасцей, сярод якіх крэатыўнае мысленне, талент, майстэрства і індывідуальнасць. Усім гэтым у поўнай меры адораны важатыя, якія прынялі ўдзел у конкурсе. А дапамагалі ім раскрыцца незвычайныя выпрабаванні.

У першым з іх — «Імя маё — важаты» — канкурсанты расказвалі пра сябе, дзейнасць у дружыне, адным словам, ладзілі самапрэзентацыі. Лідар піянерскай дружыны павінен адпаведна выглядаць. Таму ў другім конкурсе «Вобраз важатага» педагогі прэзентавалі сваё адзенне. А ўжо праз некалькі хвілін у конкурсе сацыяльных рэклам «Маё прызванне — запальваць сэрцы» расказвалі пра бачанне сябе ў піянерскім руху. Самым жа цікавым і незвычайным стала выпрабаванне «Кліч піянераў». Разам з групамі падтрымкі важатыя перадавалі настрой піянерыі мінулых часоў, а калі быць больш дакладным, 40-50-х гадоў. А завяршыў конкурсную праграму этап, да якога рыхтаваліся завочна. Лідары піянерскіх дружын прадставілі «Кейс важатага», у якім сабралі ўсе свае напрацоўкі за гады работы.

— Гэта ўсведамленне значнасці і важнасці прафесіі старэйшых піянерскіх важатых. Акрамя таго, тут удзельнікі змаглі павысіць і ўласны прафесійны статус, і статус сваёй піянерскай арганізацыі, — адзначыла старшыня раённага аб’яднання БРПА Алена Міхновіч.

Усе ўдзельнікі былі дастойныя перамогі, а конкурс атрымаўся цікавым і вясёлым. Тым не менш пераможніцай у намінацыі «Адкрыццё года» стала педагог-арганізатар Опсаўскай школы Таццяна Сцефановіч, а ў катэгорыі «Вопыт і майстэрства» лепшай прызналі Іну Шавец з гімназіі. Менавіта яны адправіліся на абласны этап, які прайшоў у Наваполацку. І адтуль Таццяна Сцефановіч вярнулася з пяццю дыпломамі і другім месцам.

■ Таццяна ПЯТУШКА.