Браслаўчанкі рухаюцца ў рытме зумбы

Отдых

1Пілатэс, аэробіка, фітнес, ёга — гэты спартыўны арсенал для актыўных браслаўчанак, якія вядуць здаровы лад жыцця і жадаюць заўсёды быць у зайздроснай форме, з нядаўняга часу папоўніўся зумбай. Своеасаблівая танцавальная фітнес-праграма з элементамі хіп-хопа, сальсы, самбы, фламенка і танца жывата, нягледзячы на сваю «маладосць», пакарыла ўжо ўвесь свет і набірае папулярнасць у Беларусі.

Браслаўчанкі не стаяць у баку ад сусветных тэндэнцый і таксама рухаюцца ў рытме зумбы. Такую магчымасць яны атрымалі летась з прыходам на працу ў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Анастасіі Крумінай.

Дарэчы, сама дзяўчына з дзяцінства любіла танцаваць перад люстэркам, у школьныя гады наведвала харэаграфічныя гурткі, а пасля заканчэння БДУФК стала інструктарам па фітнесе. Любоў да спорту, сучасных танцавальных накірункаў і шмат свабоднага часу падштурхнулі Насцю да рашучага кроку: на сваім першым месцы працы ў лагеры «Зубраня» яна стварыла гурток па яшчэ мала каму вядомай зумбе. Аднак сучасны напрамак спадабаўся і гурток сталі наведваць амаль усе супрацоўнікі.

Вярнуўшыся працаваць на радзіму, малады, але ўжо вопытны інструктар не пажадала спыняцца на дасягнутым, таму з радасцю набрала групу браслаўчанак, якія два разы на тыдзень асвойваюць зумбу. Акрамя гэтага гуртка, які больш разлічаны на жанчын рознага ўзросту, Насця вядзе сучасныя танцы для школьнікаў. Музыку, рухі, звязкі — усё інструктар прыдумвае сама, чэрпаючы веды з разнастайных крыніц. За месяц наведвальніцы зумбы развучваюць да чатырох танцаў. А каб зрабіць заняткі максімальна карыснымі для здароўя і фігуры, у іх уключаны яшчэ і сілавыя практыкаванні.

Адна за адной на чарговую трэніроўку па зумбе прыходзяць дзяўчаты, маладыя мамы, жанчыны. Цікаўлюся, чым прывабліваюць іх фітнес-танцы.

Наталля: — Дзякуй, што ў нас у Браславе з’явіўся такі чалавек, які можа навучыць нас зумбе. Насамрэч, гэта вельмі добра, што ў дзяўчат з ліку працоўнай моладзі ёсць магчымасць займацца сабой. Асабіста мне заняткі дапамагаюць раскрыцца і праявіць сябе.

Вольга: — Тут мы праводзім час з карысцю. Трэніроўкі — своеасаблівы зарад бадзёрасці на ўвесь тыдзень. Акрамя таго, гэта магчымасць завесці новыя знаёмствы і падрыхтаваць фігуру да лета.

Ірына: — Зумба дазваляе развіваць каардынацыю, рухавасць. Тут мы адпачываем душой, забываючыся пра нейкія асабістыя праблемы. Завадная музыка, прыемная кампанія — што яшчэ патрэбна для танцаў?

Заснавальнік зумбы (у перакладзе жужжаць, хутка рухацца) — калумбійскі харэограф-танцор Альберта Перэз. Гэта вясёлая, энергічная трэніроўка. Яна дапамагае прапрацаваць максімальную колькасць мышцаў. За гадзіну танцаў страчваецца каля 400-500 ккал. Зумба-фітнес — найлепшае лякарства ад стрэсу, якое дапамагае стаць больш упэўненым, пазітыўным і адкрытым.

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.