У «Мяжанах» пачалі ворыва

Деньги

1Да сёлетняй веснавой сяўбы механізатары ААТ «Мяжаны» тэхніку і інвентар паспелі падрыхтаваць у ліку першых у раёне. Таму спрыяла тое, што кіраўніцтва гаспадаркі і інжынерная служба здолелі набыць для рамонту дэталі, трацілі апошнюю капейку, каб толькі тэхніка своечасова выйшла ў поле. І цяпер ужо амаль усе агрэгаты выстаўлены на лінейку гатоўнасці для апошніх рэгуліровак і даводак.

Прыспешваць і трэба было, бо яравы клін сельгаспрадпрыемства даволі аб’ёмны: запланавана пасеяць каля 800 гектараў збожжавых, 370 — рапсу, 200 — кукурузы. Тэхнікі ж і механізатараў не хапае, таму большасці трактарыстаў давядзецца ў разгар палявых работ агрэгатаваць сваю «цяглавую сілу» з розным інвентаром, пераключаючыся з адной аперацыі на другую.

Напрыклад, Арсен Сафронаў, для якога сёлетняя пасяўная будзе дзясятай, плануе папрацаваць і з плугамі, і з культыватарам. Таму і спяшаецца адправіцца на палеткі. Першым днём выезду на ворыва для механізатара стала мінулая субота, у якую ён узняў 4 гектары глебы. У панядзелак — яшчэ столькі ж.

Калі ў аўторак раніцай я завітаў на мехдвор гаспадаркі, Арсен Пятровіч перад выездам правяраў спраўнасць плуга. На пляцоўцы ж ля сваіх энерганасычаных трактароў з абаротнымі плугамі завіхаліся браты Віктар і Сяргей Прахарэнкі.

— Ім на магутных трактарах, — ківаючы на братоў, гаварыў А. Сафронаў, — яшчэ рана выязджаць у поле. Мокра, завязнуць. Я ж на сваім дваццаць першым з трохкорпусным плугам па пагорках бы канём ару. Там крыху ўзніму, тут. Падсохне — закончу. Ды і што стаяць на мехдвары. Трактар спраўны, плуг перабраў, культыватар, з якім буду працаваць пазней, таксама да работы гатовы. А веснавы дзень, як вядома, год корміць. Раней узаром — раней з усім аб’ёмам работ управімся.

Такі вось настрой на працу ў аднаго з лепшых механізатараў ААТ «Мяжаны». Ды і астатнія з нецярпеннем чакаюць веснавую сяўбу, каб пачаць і завяршыць яе дастойна. ■

Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.