ЗА СТАРАННУЮ ПРАЦУ І ВЫСОКІЯ ПАКАЗЧЫКІ

Главное Деньги
1
Мікалай Лабушаў і Рамуальд Шукель пасля ўручэння ўзнагароды.

У сельгаспрадпрыемствах раёна завяршылася справаздачная кампанія. Падчас яе на агульных сходах працаўнікі сяла не толькі падводзілі вынікі работы за мінулы год і зацвярджалі планы на сёлетні, а і заслухоўвалі справаздачы старшынь прафкамаў наконт выканання калектыўных дагавораў, заключаных паміж прафсаюзнымі арганізацыямі і наймальнікамі.

Як станоўчае хацелася б адзначыць тое, што, нягледзячы на цяжкае фінансавае становішча, кіраўнікі гаспадарак знаходзяць магчымасць выдзяляць сродкі на выкананне пунктаў дагавораў, якія патрабуюць грашовых укладанняў. Працаўнікі сельгаспрадпрыемстваў толькі часткова аплачваюць затраты на апрацоўку прысядзібных участкаў і нарыхтоўку сена, гарачае харчаванне, атрымліваюць матэрыяльную дапамогу на вяселлі і пахаванні, заахвочваюцца прэміямі да свят і па выніках спаборніцтва на сезонных работах.

І ў тым, што механізатары і жывёлаводы атрымліваюць ільготы, сярод іх ладзіцца здаровае працоўнае саперніцтва, немалая заслуга старшынь прафкамаў, што на сходах самі атрымлівалі ўзнагароды. Адзначаны і члены ўзначальваемых імі прафсаюзных арганізацый, якія заслужылі павагу сваёй працай, сталі пераможцамі спаборніцтваў у сваіх калектывах, раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.

Напрыклад, на сходзе акцыянераў ААТ «Агравідзы» Надзея Казінец, якая адпрацавала ў гаспадарцы больш за 40 гадоў і апошнія 20 узначальвала прафарганізацыю, атрымала нагрудны знак «За заслугі» рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК. Да таго ж пярвічка Н. Казінец заняла другое месца ў абласным спаборніцтве за лепшую арганізацыю грамадскага кантролю па ахове працы ў сектары АПК.

Сапраўдны зоркапад узнагарод выдаўся на агульным сходзе ўпаўнаважаных СВК «Маяк Браслаўскі». Іх уручылі старшыня рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Лабушаў і кіраўнік раённай арганізацыі сельгаспрафсаюза Мікалай Вялічка.

М. Лабушаў узнагародзіў нагрудным знакам «За заслугі» старшыню праўлення Рамуальда Шукяля.

Граматай рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК была адзначана намеснік старшыні СВК па свінагадоўлі Людміла Арцем’ева. Аператар машыннага даення МТФ «Якавічы» Яніна Астроўская атрымала падзячнае пісьмо.

Дарэчы, Яніна Іосіфаўна ў абласным спаборніцтве па вытворчасці малака за люты заняла трэцяе месца. Дыплом і грашовую прэмію ёй уручыў старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК М. Вялічка. Дыпломы і прэміі таксама атрымалі калектыў МТФ «Якавічы», які ва ўзгаданым спаборніцтве заняў першае месца, і звяно даільнай залы МТФ «Ёдлавічы» — другое месца. ■

Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара і

Вячаслава КАЛАДЫНСКАГА.