Урачыстае ўручэнне пашпартоў

Главное Калейдоскоп Новости

1У сераду адзначаўся Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У гэты важны дзень ва ўсіх кутках нашай краіны ладзіліся розныя мерапрыемствы, цэнтральнае месца сярод якіх займала ўрачыстае ўручэнне пашпартоў юнакам і дзяўчатам, якім споўнілася 14 гадоў.

Штогод яно праходзіць у рамках акцыі БРСМ «Мы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь». Чарговы раз далучылася да яе і Браслаўшчына. Гэты Дзень Канстытуцыі стаў асаблівым і запамінальным для 30 школьнікаў розных устаноў адукацыі раёна, якія атрымалі свае першыя пашпарты. Яны лепшыя прадстаўнікі моладзі Браслаўшчыны: пераможцы алімпіяд, актыўныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці і грамадскага жыцця, выдатныя спартсмены.

Сёлета ўрачыстае мерапрыемства прайшло ў незвычайнай форме. Змянілася і месца яго правядзення: моладзь запрасілі ў музей традыцыйнай культуры. Тут юнакам і дзяўчатам прапанавалі пазнаёміцца з нашымі каранямі, а сувязным звяном паміж мінулым і сучасным стаў ручнік. Раней без яго не абыходзілася ні адна важная падзея ў жыцці, і цяпер ён не менш запатрабаваны. Пра гэта і расказалі ўдзельнікам мерапрыемства, а таксама прапанавалі прыняць удзел у абрадзе — прайсці пад ручніком, каб і далей крочыць па жыцці лёгка і ўпэўнена.

Павіншаваць юнакоў і дзяўчат з важнай падзеяй у іх жыцці прыйшлі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская, намеснік старшыні райвыканкама Вольга Вялічка, начальнік аддзела па грамадзянстве і міграцыі РАУС Юлія Крупенька, першы сакратар райкама БРСМ Надзея Плясун.

Пад гучныя апладысменты Ніна Пучынская, Вольга Вялічка і Юлія Крупенька ўручылі маладым людзям пашпарты і выданні «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь», пасля чаго юныя браслаўчане прамовілі клятву маладога грамадзяніна краіны.

— Сёння для кожнага з вас вельмі важны дзень. Атрымліваючы пашпарт, вы становіцеся паўнапраўнымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, робіце першы крок у самастойнае жыццё. Маладым у нашай краіне дадзены вялікія магчымасці, вам застаецца толькі быць актыўнымі і ўпэўнена крочыць па жыцці, — адзначыла Ніна Пучынская.

Завяршылася ўрачыстае мерапрыемства адкрытым дыялогам «Беларусь — крыніца натхнення», на якім маладыя людзі маглі задаць хвалюючыя іх пытанні прадстаўнікам улады і атрымаць на іх адказы, а таксама экскурсіяй па музеі трыдыцыйнай культуры.

■ Таццяна ПЯТУШКА.

Фота аўтара.