Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае 30-годдзю ветэранскага руху ў нашай краіне

Калейдоскоп

1На мінулым тыдні ў актавай зале гімназіі адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 30-годдзю ветэранскага руху ў нашай краіне. У ім прымалі ўдзел старшыня райсавета Ніна Пучынская, начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі райвыканкама Антаніна Абалевіч, старшыні шэрага грамадскіх аб’яднанняў і пярвічных арганізацый раёна.

З дакладам аб праведзенай рабоце выступіла старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Вера Сяліцкая. На пачатку свайго выступлення яна ўзгадала кіраўнікоў і ветэранаў аб’яднання, якія стаялі ля яго вытокаў і сваёй актыўнай жыццёвай пазіцыяй унеслі значны ўклад у развіццё ветэранскага руху на Браслаўшчыне. Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць тых, хто не дажыў да сённяшніх дзён.

Трэба сказаць, што гэта грамадская арганізацыя адна з самых шматлікіх у раёне, бо на яго тэрыторыі жывуць 9 135 пенсіянераў, а таксама ветэранаў вайны і працы.

Як адзначыла ў сваёй справаздачы В. Сяліцкая, савет аб’яднання штогод плануе сваю работу па розных накірунках дзейнасці, вырашае актуальныя пытанні ветэранскага руху ў раёне. Большасць з іх тычыцца сацыяльнай абароны адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых людзей, арганізацыі работы па доглядзе за помнікамі і пахаваннямі воінаў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, працы па прапагандзе здаровага ладу жыцця і арганізацыі вольнага часу ветэранаў, сумеснай дзейнасці з БРСМ па патрыятычным і маральным выхаванні моладзі, працы з адпаведнымі органамі абароны ветэранаў па іх сацыяльнай падтрымцы, удзелу першасных ветэранскіх арганізацый у выбарчых камісіях і многага іншага. Як падкрэсліла ў сваім выступленні Вера Сямёнаўна, усе кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна матэрыяльна і маральна падтрымліваюць сваіх ветэранаў і аказваюць ім пасільную дапамогу.

У справаздачы старшыні аб’яднання ветэранаў былі дэталёва прааналізаваны ўсе напрамкі дзейнасці ветэранскага руху ў раёне, прычым практычнай часткі яго працы.

Дапоўнілі даклад сваімі выступленнямі начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі райвыканкама Антаніна Абалевіч, дырэктар ТЦСАН Вікторыя Атрашкевіч, старшыня раённай ар- ганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Генадзь Швец.

Ніна Пучынская павіншавала ўдзельнікаў урачыстасці, пажадала ім моцнага здароўя, многім уручыла граматы і падзякі абласнога і раённага ўзроўню. Таксама актывістаў ветэранскага руху на Браслаўшчыне адзначылі старшыня раённага аб’яднання арганізацыі прафсаюзаў Павел Сільчонак і старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Мікалай Вялічка.

Пасля афіцыйнай часткі таленавітыя гімназісты і браслаўскія самадзейныя артысты зладзілі для прысутных цікавы святочны канцэрт. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.