Анатоль Невярковіч — сучасны кіраўнік і актыўны дэпутат

Люди

1Сёння дырэктар установы адукацыі павінен не толькі эфектыўна кіраваць кадрамі і фінансамі, дакладна ставіць мэты і задачы як перад сабой, так і перад калектывам, але быць лідарам, здольным весці за сабой, а таксама менеджарам. Усе гэтыя якасці сучаснага кіраўніка ў поўнай меры можна аднесці і да дырэктара Ахрэмаўскага ДССШ Анатоля Невярковіча.

Калісьці разгубленым першакласнікам ён пераступіў парог гэтай жа школы, а прайшоў пэўны час — і ўжо вопытным педагогам Анатоль Вадзімавіч стаў ля штурвала роднай установы адукацыі.

Гаспадарлівы кіраўнік, добры спецыяліст, у хуткім часе ён знайшоў сцяжынку да сэрца кожнага педагога і вучня, справай заваяваў павагу і давер аднавяскоўцаў. А тое, што яго не аднойчы выбіраюць дэпутатам мясцовага сельсавета, а нядаўна і раённага Савета дэпутатаў 27 склікання, — яскравае таму пацвярджэнне.

На рахунку Ахрэмаўскага ДССШ нямала дасягненняў і ўзнагарод, ганаровае месца сярод якіх займаюць дыпломы раённых і абласных алімпіяд і конкурсаў. Агульнавядома, што дасягнуць станоўчых вынікаў магчыма толькі пры супрацоўніцтве настаўнікаў і вучняў. У навучальнай установе, адзначае А. Невярковіч, працуюць зацікаўленыя педагогі, якія любяць сваю справу, творча падыходзяць да навучальнага працэсу, знаходзяць агульную мову з навучэнцамі. У большасці і дзеці разумеюць важнасць атрымання ведаў.

Значную ўвагу дырэктар надае сучаснаму абсталяванню вучэбных кабінетаў. Камп’ютары і мультымедыйныя ўстаноўкі дапамагаюць зрабіць навучальны працэс цікавым і больш успрымальным для вучняў.

Дагледжаная прышкольная тэрыторыя з вясны да позняй восені «патанае» ў кветках. Ёсць тут і арыгінальныя элементы дэкору — габіёны. Даглядаюць школьнікі і воінскія пахаванні.

Нездарма Ахрэмаўскі ДССШ не аднойчы станавіўся пераможцам раённага спаборніцтва сярод сярэдніх школ Браслаўшчыны.

Штодзень да дэпутата А. Невярковіча звяртаюцца аднавяскоўцы з рознымі просьбамі і па дапамогу ў складаных сітуацыях. Часам яму прыходзіцца даваць слушныя парады, кансультаваць ці тлумачыць юрыдычныя тонкасці вырашэння праблемы. Педагагічная адукацыя і шматгадовы дырэктарскі вопыт дапамагаюць яму знайсці падтрымку мясцовай улады і адміністрацыі сельгаспрадпрыемства. А такое ўзаемапаразуменне заўсёды прыносіць плён і ўстанове адукацыі, і мясцовым жыхарам. ■

— Няма невырашальных пытанняў, — упэўнены Анатоль Вадзімавіч, — ёсць няправільныя шляхі іх вырашэння.

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.