РЦК ладзіць вечары адпачынку «Для тых, каму за …»

Калейдоскоп

1Яшчэ восенню старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Вера Сяліцкая звярнулася да адміністрацыі РЦК з просьбай праводзіць вечары адпачынку «Для тых, каму за …». Кіраўніцтва ўстановы культуры пайшло насустрач і падтрымала ідэю: для мерапрыемства выдзелілі дзень і падабралі адпаведны рэпертуар.

Цяпер кожную трэцюю нядзелю месяца энергічныя аматары танцаў збіраюцца ў РЦК, каб прыемна правесці час. Вясёлая, да болю свая, родная музыка не дае ўседзець на месцы, і таму ўсе з задавальненнем выходзяць у вялікі круг і танцуюць. Хуткі танец змяняецца павольным. Рухавыя і шчаслівыя пары кружацца ў такт музыцы. І той, хто прыйшоў хоць адзін раз, ужо з нецярпеннем чакае наступнага вечара.

Наталля, маці траіх дзяцей:

— Я наогул прыхільніца актыўнага адпачынку. З задавальненнем займаюся ўсходнімі танцамі і ёгай. Вось і сюды разам з сяброўкай прыходжу з першага дня. Нам тут вельмі падабаецца, бо гэта добрая разрадка.

Ніна, пенсіянерка:

— Танцы мяне ратуюць ад суму. Знайшла тут для сябе не толькі добрую музыку, але і прыемных суразмоўцаў. Дадому заўсёды вяртаюся ў прыўзнятым настроі.

Галіна, жыхарка г. Гомель:

— У Браслаў прыехала ў госці да сваякоў і выпадкова ўбачыла афішу пра вечар адпачынку. Вось і вырашыла зазірнуць. У нашым горадзе такія мерапрыемствы праходзяць даўно і збіраюць вельмі многа народу. У вас мне таксама спадабалася: весёлы рэпертуар і добрыя людзі. І сапраўды, няважна, колькі табе гадоў, галоўнае, што ты адчуваеш сябе свабодна ў танцы і гэта робіць цябе значна маладзейшым. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.