Мінулым летам у жывёлагадоўчых памяшканнях вялі рэканструкцыю ў «Альшанцы», «Браслаўскім», «Агравідзах», «Бярозавым краі»

Главное

i (6)Рэканструкцыя жывёлагадоўчых памяшканняў для бяспрывязнага ўтрымання маладняку БРЖ з механізаваным кармленнем — гэта, бадай, ці не адзіны шлях да скарачэння затрат на яго догляд у зімовыя месяцы, павышэння эфектыўнасці выкарыстоўваемых кармоў, пазбаўлення залежнасці ад нядобрасумленных даглядчыкаў. Зразумела, што пераабсталяванне старых ферм патрабуе значных фінансавых укладанняў, якіх у большасці гаспадарак кот наплакаў, аднак іншага выйсця пакуль ніхто не прыдумаў. Ды, як паказвае практыка, такі падыход сябе акупляе за кошт вышэйшых прываг, уводу ў дойны статак здаровых, своечасова пакрытых цялушак.

Мінулым летам такую рэканструкцыю вялі ў «Альшанцы», «Браслаўскім», «Агравідзах», «Бярозавым краі». Нельга сказаць, што ва ўсіх з названых сельгаспрадпрыемстваў будаўнічыя работы паспелі завяршыць да пачатку пастаноўкі жывёлы на зімовае ўтрыманне, тым не менш пачатае ў асноўным закончана.

Напрыклад, на жывёлагадоўчым комплексе «Пеліканы» ААТ «Бярозавы край» цялушкі злучнога і дазлучнога ўзростаў «наваселле» справілі толькі на мінулым тыдні. Цяпер памяшканне ўмяшчае 200 галоў маладняку, якіх даглядае адзін чалавек. Як расказаў дырэктар акцыянернага таварыства Андрэй Мацук, на рэканструкцыю затрацілі 20 тысяч рублёў. Але яна таго вартая, бо ў параўнанні з суседнім памяшканнем, дзе летам правялі толькі рамонт, умовы ўтрымання тут можна назваць нават звышкамфортнымі. У далейшых планах дырэктара — да вясны нарыхтаваць слупы і жэрдкі, каб побач выгарадзіць гектараў 15 пашы, і тады адпадзе яшчэ адна праблема — з пастухамі. Увогуле ж Андрэй Фёдаравіч разлічвае ў бліжэйшай перспектыве рэканструяваць два іншыя памяшканні, дзякуючы чаму можна будзе наладзіць вырошчванне рамонтнага маладняку па замкнутым цыкле: да года ўсіх цялят вырошчваць на ферме «Падрукша», а затым пераводзіць у Пеліканы. Гэта дасць магчымасць больш эфектыўна весці селекцыйную работу, пад пакрыццё адбіраць цялушак, якія падыходзяць да гэтага па вагавых кандыцыях.

Праўда, каб пры бяспрывязным утрыманні жывёла добра расла, не трэба забывацца пра своечасовы подсціл і выдаленне гною. Бо ёсць прыклады, калі пры такім спосабе гадоўлі, асабліва калі яна ўкараняецца ўпершыню, пра подсціл і выдаленне забываюцца, і праз месяц цялушкі ўжо стаяць ў гноі: ім нават прылегчы няма дзе, а пры такіх умовах чым ні кармі — прываг не атрымаеш. І гэты аспект варта пастаянна трымаць у полі свайго зроку.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.