Якім раней быў год Пеўня для нашага раёна. З архіва Б\З

Калейдоскоп

28У гэтыя святочныя дні вельмі хочацца зазірнуць у будучыню і падгледзець, што ж нас чакае? А калі наадварот? Давайце пагартаем старонкі “Браслаўскай звязды” і ўспомнім, якім раней быў год Пеўня для нашага раёна. У архіве, які захоўваецца ў рэдакцыі, знайшліся газеты за 1981 і 2005 гады.

Публікацыі “раёнкі” за 1981 год сведчаць пра тое, што год быў плённым ва ўсіх сферах. Так, актыўна ішло будаўніцтва. Ва многіх населеных пунктах узводзіліся шматкватэрныя дамы і адміністрацыйныя будынкі. Напрыклад, у Быстрамаўцах здалі ў эксплуатацыю мясцовую аўтазаправачную станцыю. Ішло добраўпарадкаванне райцэнтра і вёсак Браслаўшчыны. У прыватнасці, у 1981 годзе былі заасфальтаваны вуліцы Опсы і Слабодкі. “Ураджайным” быў год на з’яўленне новых сямей і дзяцей. Так, 292 сям’і з’явіліся на Браслаўшчыне, а ў 495 святкавалі нараджэнне дзяцей. Пры гэтым у райцэнтры вясельны марш гучаў 105 разоў, а 178 гараджан зарэгістравалі нараджэнне сыноў і дачок.

Цікавым і насычаным быў і 2005 год. Юбілеі святкавалі шэраг прадпрыемстваў і ўстаноў горада, адбываліся мерапрыемствы міжнароднага маштабу. Аднак найбольш значнымі падзеямі гэтага года сталі святкаванні 65-гадовага юбілею раёна і 940-годдзе Браслава. Дзень нараджэння горада браслаўчане напачатку адзначалі на Замкавай гары, а затым святочнае шэсце праз горад накіравалася на канцэрт у Леснічоўку. Увогуле, гэты год быў плённым на прыемныя мерапрыемствы. Так, прадстаўнікі Браслаўшчыны неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі розных абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. Напрыклад, сярэбраны медаль атрымаў калектыў хлебазавода на міжнароднай выстаўцы “Хлебная і кандытарская справа” за батон “Браслаўскі”. Адбываліся цікавыя падзеі і ў вёсках раёна. У прыватнасці, Опса рыхтавалася стаць аграгарадком, а ў Плюсах адбылося адкрыццё пагранічнай заставы.

Словам, калі гартаеш старонкі газеты, робіцца зразумела, што год Пеўня праходзіў для раёна актыўна ва ўсіх сферах. Няхай жа і гэты год будзе багатым толькі на добрыя навіны!

■ Алена НАБЕЕВА.