Энергічны, поўны жыццевых сіл і запалу Павел Нікіфаравіч Салдаценка сустрэў 90-гадовы юбілей

Люди

9СТАРАСЦЬ НЕ ПРЫГАВОР! Такую жыццёвую ўстаноўку вызначыў для сабе браслаўчанін Павел Нікіфаравіч Салдаценка, які на мінулым тыдні адзначыў 90-гадовы юбілей. І сапраўды, яго энергіі, актыўнаму ладу жыцця можна толькі пазайздросціць. Гэтага рухавага, з яснай памяццю чалавека дзядком ніяк не назавеш. А калі ў дзень нараджэння завітаў да юбіляра з віншаваннем, П. Салдаценка прыгадаў: — Я мог загінуць некалькі разоў яшчэ ў дзяцінстве і юнацтве. Ды смерць абышла бокам. Значыць, было мне наканавана жыць доўга.

Вайна пачалася, калі хлопцу было без малога 15 гадоў. Смаленшчыну, дзе ён нарадзіўся, акупіравалі немцы. Мог патрапіць на работы ў Германію, але бацьку нейкім чынам удалося ‘‘памаладзіць” яго на год. Так пазбег вывазу.

А аднойчы, калі ішоў пасвіць коней, сябруку захацелася замацаваць свой ножык на кальцо. І ён, доўга не думаючы, выцягнуў яго разам з чакой з гранаты. Толькі ў апошні момант паспеў адкінуць яе ўбок. Пасля выбуху асколкамі толькі крыху зачапіла. Раненні ў абодвух былі зусім нязначныя.

У канцы 43-га, калі фронт перасунуўся да беларускай мяжы, хлопца прызвалі ў вучэбны запасны полк. Там вучылі абыходжанню са зброяй, тактыцы, а таксама прыцягвалі да аперацый па ліквідацыі нямецкіх груповак, якія засталіся ў тыле савецкіх войскаў. За тры месяцы службы не аднойчы ў час такіх вылазак трапляў пад нямецкія кулі. А калі прыйшоў час прымаць прысягу, зваліў з ног прыступ язвы. Пасля лячэння быў прызнаны непрыгодным да службы.

Пасля вайны П. Салдаценка, што называецца, з галавой акунуўся ў вучобу. Спачатку закончыў курсы аграномаў, потым сельгастэхнікум. Пасля заканчэння Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі крыху папрацаваў у Дубровенскім раёне, а затым быў пераведзены ў саўгас ‘‘Відзаўскі” на пасаду галоўнага агранома.

— У той час наша гаспадарка была ці не самай вялікай у раёне, — успамінае Павел Нікіфаравіч. — Усяго было 18 брыгад. Аднойчы на сходзе, калі сакратар райкама стаў крытыкаваць работу саўгаса, не вытрымаў і сказаў, што зрухаў да лепшага не будзе, калі не падзеляць гаспадарку на дзве. Такім чынам з ‘‘Відзаўскага” выдзелілі ‘‘Авангард”, які мне і давялося ўзначаліць.

Больш за 5 гадоў П. Салдаценка працаваў дырэктарам створанага саўгаса, а пасля ўзначаліў раённую насенную інспекцыю. Адтуль і выйшаў на пенсію. Калі ж у раёне пачалі стварацца садовыя таварыствы, актыўнага і граматнага земляроба садаводы-аматары выбралі старшынёй таварыства. І нягледзячы на тое, што пасада гэта грамадская, Павел Нікіфаравіч аддаў ёй шмат свайго часу і энергіі. І толькі нядаўна перадаў яе другому чалавеку.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.