КРЭДА — БЫЦЬ АКТЫЎНЫМ

Люди

1Прапаноўваць, ініцыіраваць і дзейнічаць — гэта жыццёвае крэда любога маладзёжнага лідара. У школах раёна вучыцца шмат таленавітых, актыўных хлопцаў і дзяўчат, якія валодаюць такімі якасцямі. Сярод іх і вучань 11 класа Відзаўскай сярэдняй школы Віталь Селіванаў.

Лепшы таму доказ — той факт, што з трох кандыдатаў школы менавіта яго абралі ў Маладзёжную палату пры раённым Савеце дэпутатаў.

— Зразумела, вельмі ўдзячны педагогам і вучням школы за аказаны мне давер, — кажа Віталь, — але гэта і вялікая адказнасць.

Сур’ёзны, мэтанакіраваны юнак мае шмат цікавых ідэй і энергію, каб увасабіць іх у грамадскае жыццё моладзі раёна. І ў першую чаргу жадае скіраваць сваю дзейнасць на арганізацыю разнастайных спартыўных мерапрыемстваў, якія будуць карыснай альтэрнатывай камп’ютарным гульням.

Сам хлопец трывала сябруе са спортам. У вольны час з задавальненнем гуляе ў футбол ці займаецца бегам. Але гэта не значыць, што ён не можа з лёгкасцю вандраваць па прасторы інтэрнэту. Аднак Віталь аддае перавагу актыўнаму здароваму ладу жыцця.

Ды і будучая прафесія патрабуе ад В. Селіванава фізічнай загартоўкі. А марыць хлопец пайсці па слядах бацькі і стаць надзейным ахоўнікам рубяжоў нашай Радзімы.

— З маленства ад бацькі ведаю цяж- касці пагранічнай службы, — дзеліцца думкамі юнак, — аднак яны мяне не палохаюць, бо лічу гэтую прафесію высакароднай і патрэбнай.

Каб больш дэталёва даведацца пра армейскія будні ахоўнікаў дзяржаўнай мяжы, Віталь ужо пяць гадоў з’яўляецца актыўным членам атрада “Юныя сябры пагранічнікаў”, што дзейнічае ў школе. І як адзначыў юнак, гэтыя заняткі яшчэ больш упэўнілі яго ў правільнасці свайго выбару. З дакладам пра сумесную работу відзаўскіх школьнікаў і пагранічнікаў В. Селіванаў выступаў нават на сесіі раённага Савета дэпутатаў.

Безумоўна, каб паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову, адной фізічнай за- гартоўкі мала, таму хлопец шмат часу аддае падрыхтоўцы да школьных экзаменаў і ЦТ. Пры гэтым паспявае дапамагаць бацькам у хатніх справах.

Школьны актывіст з’яўляецца сапраўдным прыкладам для вучняў і надзейным памочнікам педагогаў.

■ Алена ПЯТУШКА. Фота аўтара.