Па традыцыі ў Дзень маці ў аблвыканкаме адбыўся ўрачысты прыём-ушанаванне жанчын, якія вызначыліся ў выхаванні дзяцей.
Сярод запрошаных была і жыхарка агр. Далёкія Алена Умпіровіч, якая за нараджэнне і выхаванне чацвярых дзяцей удастоілася рэгіянальнай прэміі імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанка.
Алена Мікалаеўна працуе сацыяльным работнікам. Цяпер знаходзіцца ў водпуску па доглядзе маленькай Яны, якой тры месяцы. Дачка Ксенія вучыцца ў другім класе Опсаўскага ДССШ. Старэйшыя дзеці ўжо пакінулі бацькоўскі дом: дачка Алёна — студэнтка Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, сын Ілья — навучэнец Віцебскага індустрыяльнага будаўнічага каледжа.
— Усё было надзвычай урачыста і прыгожа, — падзялілася сваімі ўражаннямі ад прыёму жанчына. — Вельмі хвалявалася падчас уручэння ўзнагароды, расчулілася да слёз. Была рада і за іншых шматдзетных матуль. Цёплыя словы віншавання, кветкі, канцэрт і святочны стол — усё гэта, безумоўна, запомніцца надоўга.
■ Алена ПЯТУШКА.
Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.