ДЗЕЦІ Ў ДОМ — РАДАСЦЬ У ІМ

Калейдоскоп Люди

1Шчасце, калі ў доме гучаць звонкія дзіцячыя галасы. Менавіта пра вялікую дружную сям’ю і марылі Антаніна і Валерый Труканы.

Таму трэцяя цяжарнасць для іх была жаданай падзеяй. А ў сям’і ўжо падрасталі сын Даніла і дачушка Дар’я.

— На ультрагукавым даследаванні, — узгадвае Антаніна, — урач сказаў, што ў мяне двойня. Ад такой навіны спачатку адчула шок.

А вось Валерый успрыняў будучае двайное папаўненне сям’і спакойна і ўпэўнена.

Адчуваючы маральную падтрымку і дапамогу з боку мужа, жанчына паступова прывучыла сябе да думкі, што гэта звычайныя жыццёвыя абставіны і трэба берагчы сілы, каб з годнасцю вытрымаць выпрабаванне двойняй.

Цяжарнасць праходзіла спакойна, аднак браслаўскія ўрачы для бяспекі родаў накіравалі Антаніну ў абласны радзільны дом, дзе ў вызначаны тэрмін на свет з’явіліся здаровенькія хлопчыкі. А калі нованароджаныя і маці акрэплі, Валерый з радасцю прывёз іх дадому. Наконт выбару імён спрэчак не было: аднаму сыну імя Кірыл даў бацька, другому Мацвей — маці.

Пакуль сям’я жыве ў Опсе ў невялікім доме, які дастаўся Антаніне ад бабулі. А ва ўласнай кватэры, якую Труканы пачалі будаваць два гады таму назад, рамонт падыходзіць да завяршальнай стадыі. Валерый — майстар на ўсе рукі, сваімі сіламі зрабіў аддзелачныя работы. Антаніна, якой уласціва пачуццё прыгожага і стылю, прадумала кожную дэталь абстаноўкі і інтэр’ера. І ўжо тут адчуваецца атмасфера добразычлівасці і гармоніі. Безумоўна, у сям’і вялікае жаданне пераехаць у новую кватэру, але галоўнае — падгадаваць малых.

Шматдзетным бацькам дапамагаюць родныя, асноўныя ж клопаты ляжаць на плячах Антаніны і Валерыя. Днём, калі старэйшыя дзеці знаходзяцца ў садзе, лягчэй, а вось увечары і для іх трэба знайсці хвілінкі ўвагі. Тым не менш Антаніна, калышучы аднаго з блізнят, расказвае Дашы казку, з Данікам вучыць алфавіт. А ноччу, падчас невялікай перадышкі, калі дзеці спяць, жанчына іншым разам “варожыць” над салодкімі шэдэўрамі.

— Што і казаць, не проста ставіць на ногі чацвярых малых дзяцей, — дзеляцца сваімі думкамі Антаніна і Валерый, — але галоўнае, каб у сям’і было разуменне і згода, каб дзеткі не хварэлі, а астатняе — справа нажыўная.

■ Алена ПЯТУШКА. Фота аўтара.