Як падрыхтуемся, так і сагрэемся

Главное Новости

1Лета і пачатак восені — традыцыйная пара тэхабслугоўвання, рамонту цеплавых сетак. І камунальнікі штогод прыкладаюць значныя намаганні, каб падтрымаць іх у належным стане. Як сёлета завяршаецца падрыхтоўка да чарговага ацяпляльнага сезона, расказвае дырэктар КУП ЖКГ “Браслаў-камунальнік” Віталь Трафімянкоў.

— Увогуле падрыхтоўка да асенне-зімовага перыяду пачынаецца яшчэ вясной па загадзя распрацаваным плане мерапрыемстваў, у якім указаны віды і ўстаноўлены тэрміны работ, — кажа Віталь Уладзіміравіч. — На цяперашні момант на балансе камунальнай гаспадаркі знаходзіцца 16 кацельняў. У апошнія гады іх колькасць значна павялічылася, бо да нас далучыліся кацельні сельскіх школ. Безумоўна, яны патрабуюць асаблівай увагі і фінансавых укладанняў. Паступова ў гэтых кацельнях замяняем сеткавыя помпы на энергазберагальныя. Большасць аб’ектаў знаходзіцца далёка ад цэнтра, і, каб пазбегнуць растрат фінансавых сродкаў, дровы для іх работы нарыхтоўваем ці закупляем у бліжэйшых лясніцтвах.

Зроблены прафілактычна-касметычны рамонт усіх кацельняў, таксама ўпарадкаваны тэрыторыі вакол іх. Сёлета на кацельні “Цэнтральная” поўнасцю замянілі газавы кацёл. Трэба адзначыць, што падчас ацяпляльнага сезона асноўная нагрузка будзе ўскладзена на тарфяны і адрамантаваны гэтым летам дрывяны катлы.

Цяпер выконваюцца работы па закрыцці газавай кацельні па вул. Дзяржынскага, якая абслугоўвала ўсяго адзін дом. Да яго вядзецца новая цеплавая сетка ад цэнтральнай кацельні.

На непрадбачаныя выпадкі нарыхтавана 2 000 т фрэзернага торфу, таксама ў сваіх засеках маем каля 1 000 м3 драўлянай дранкі, выканалі план і па нарыхтоўцы дроў, якіх на складзе 5 тыс. м3.

— Асаблівая ўвага надаецца замене цеплавых сетак, — упэўніў В. Трафімянкоў. — І цяпер актыўна ідзе рэканструкцыя буйной цеплатрасы па вул. Кастрычніка. Згодна з праектам, замена цеплатрасы на дадзены момант праходзіць на шасці ўчастках, на чарзе — яшчэ два. Усяго трэба замяніць 1,5 км цепласеткі, і ў верасні гэты план будзе выкананы. У выніку некалькі тысяч браслаўчан будуць атрымліваць больш надзейнае і якаснае цяпло.

Па словах Віталя Уладзіміравіча, праведзена і прафілактыка жылога фонду: прамыўка хатніх сістэм ацяплення, рамонт цеплавых пунктаў, праверка і рамонт цеплавых лічыльнікаў.

Як бачым, да ацяпляльнага сезона работнікі камунгаса, нягледзячы на ўсе акалічнасці, рыхтуюцца старанна. Будзем спадзявацца, што ніякі мароз не зможа нашкодзіць.

■ Алена ПЯТУШКА. Фота аўтара.