Да Маці Божай Браслаўскай

Главное

 

IMG_4657Сёлетнія ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Браслаўскай праходзілі пад дэвізам “З неспасцігальнай міласэрнасці Бога Я для вас — Маці». Ім папярэднічалі сустрэча дыяцэзіяльнай моладзі і школа касцёльнага спеву, якія сабралі каля 300 юнакоў і дзяўчат, таленавітых дзяцей і дарослых. Не адзін дзень яны паглыблялі сваю веру, адточвалі выканаўчае майстэрства, каб у час галоўнай святой імшы надаць асаблівую ўрачыстасць агульнай малітве прысутных.

Першыя пілігрымы пачалі прыходзіць у Браслаў яшчэ 19 жніўня. Па традыцыі пры ўваходзе ў касцёл іх сустракаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Пазней на вячэрняй святой імшы ён скажа гасцям, што  Маці Божая Браслаўская, да якой усе яны прыбылі, «нясе на плячах справы кожнага з нас, а праз нас — справы і клопаты ўсёй нашай дыяцэзіі». У час гэтай эўхарыстыі вялікай групе прадстаўнікоў самых розных парафій Віцебшчыны дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі і Юрый Касабуцкі ўдзялілі сакрамэнт канфірмацыі.

IMG_4603 IMG_4617 IMG_4618Звяртаючыся да маладых людзей, біскуп Аляксандр Яшэўскі падкрэсліў, што сёння Касцёл вельмі моцна патрабуе сапраўдных вызнаўцаў  Хрыста, тых, хто не будзе цурацца Яго і сваёй веры.

Важным момантам урачыстасцей стала начная працэсія святароў і вернікаў па вуліцах горада з запаленымі свечкамі.

Завяршыліся ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Браслаўскай 20 жніўня імшой ля палявога алтара.  IMG_4641Перад пачаткам яе на плошчу ля касцёла нібы  паўнаводныя ручаі сцякліся патокі людзей. Гэта былі не толькі католікі. Маці Божую Браслаўскую гэтак жа шануюць праваслаўныя вернікі, многія з якіх таксама бяруць удзел ва ўрачыстасці.

IMG_4689У суботу адбылася таксама прэзентацыя кнігі «Імя Бога — Міласэрнасць». Гэта размова Папы Францішка з ватыканістам Андрэа Тарніелі, у якой Пантыфік тлумачыць прычыны абвяшчэння Надзвычайнага Святога Года Міласэрнасці. Кнігу прадставіў ксёндз доктар Мікалай Ціхановіч, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім, які выступіў у ролі касцёльнага кансультанта пры перакладзе кнігі на беларускую мову. 

Аляксандр Азевіч.