Запрасіў “БУЛЬВАР МАСТАЦТВАЎ”

Отдых

IMG_1607Напярэдадні галоўнага свята нашай краіны — Дня Незалежнасці — у розных установах ладзілася шмат цікавых мерапрыемстваў. Не абмінулі ўвагай такі дзень і ў цэнтры дзяцей і моладзі. Для маладога пакалення браслаўчан, а таксама гасцей горада ў пятніцу арганізавалі “Бульвар мастацтваў”, які размясціўся на пляцоўцы перад установай.

Кожны жадаючы мог зазірнуць на “бульвар” і знайсці сабе занятак па інтарэсах. Гэта з задавальненнем і рабілі юныя госці. Яны няспешна прагульваліся і знаёміліся з вы- стаўкамі аб’яднанняў па інтарэсах. Паглядзець сапраўды было на што: тут і вырабы з бісеру, паперы, мадэлі суднаў, маляваныя і зробленыя з падручных рэчаў карціны — усе тыя работы, якія за год юныя наведвальнікі цэнтра стварылі сваімі рукамі.

Пакуль адны назіралі, другія прымалі ўдзел у разнастайных майстар-класах, якія арганізавалі педагогі цэнтра. Напрыклад, хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем рабілі сваімі рукамі галубоў і журавоў з паперы і прымацоўвалі да іх пажаданні роднаму краю і краіне.

Хто любіць маляваць, мог спачатку пазнаёміцца з праектам “Ізалента” і карцінамі, якія намалявалі ўдзельнікі мастац- кага лагера “Браслаўская вясёлка”, а потым і самому папрацаваць пэндзлікам. Так, можна было намаляваць далонь і напісаць на ёй пажаданне. Побач з аматарамі малявання размясціўся фальклорны куток. Пад гукі баяна можна ці патанцаваць, ці папрактыкавацца ў народных гульнях.

З задавальненнем дзеці ўдзельнічалі ў гульнявой праграме, флэш-мобе, конкурсе малюнкаў на асфальце “Дзякуй за мір”, а таксама падыходзілі да фотавыстаўкі “Беларусь непаўторная”, якую стварылі наведвальнікі цэнтра. Адным словам, кожны мог знайсці сабе занятак па інтарэсах, а на развітанне выцягнуць пажаданне з чароўнай скрынкі шарманшчыка.

■ Таццяна ПЯТУШКА.