Пакупнікі прыходзяць з задавальненнем

Люди

IMG_1571У магазін аграгарадка Плюсы пакупнікі прыходзяць з задавальненнем. Тут утульна, можна набыць усё неабходнае, а за прылаўкам з ветлівай усмешкай сустракае прадавец Карына Юран. Жанчына не марыла пра такую прафесію, аднак менавіта яна стала справай жыцця. Пасля заканчэння Полацкага гандлёвага каледжа практыку Карына праходзіла ў магазіне агр. Плюсы. Так і засталася на гэтым месцы і вось ужо 15 гадоў працуе ў сферы гандлю. За гэты час вывучыла патрабаванні, густы пакупнікоў, стараецца, каб у іх была магчымасць набыць харчовыя і прамысловыя тавары, што ёсць у гарадскіх крамах. Жыхары і госці аграгарадка, якіх тут летам багата, удзячны за такую ўвагу і адзначаюць: прадавец Карына заўсёды тактоўная, ветлівая і карэктная.

Хваліць жанчыну і кіраўніцтва. Кажа, што магазін працуе стабільна і заўсёды прыбыткова, без нараканняў пакупнікоў. А яшчэ Карына — творчы чалавек. Яна любіць спяваць, у мінулым годзе нават удзельнічала ў конкурсе мастацкай самадзейнасці сярод райпа вобласці, не раз выступала на сцэне аграгарадка.

Невыпадкова, што Карына Юран лічыцца адным з лепшых прадаўцоў раёна, не раз яе магазін быў у пераможцах сярод сельскіх гандлёвых кропак, граматамі адзначана і яна сама. Яшчэ адну ўзнагароду прадавец атрымала напярэдадні Дня кааперацыі.

■ Тэкст і фота Таццяны ПЯТУШКА.