Аўтаматызаваны кантроль у рэжыме рэальнага часу

Новости

IMG_5879Пасля спынення ў канцы 2009 года эксплуатацыі Ігналінскай АЭС ужо з пачатку наступнага пачаўся дэмантаж станцыі. Па даных адміністрацыі АЭС, за гэты час дэманціравана больш за 30 тыс. тон абсталявання і звязаных з ім канструкцый — 23,4% ад агульнай колькасці. Астатняе плануецца дэманціраваць за ўвесь перыяд зняцця з эксплуатацыі АЭС да 2038 г. З мінулага года пачаліся і найбольш складаныя работы, звязаныя з дэмантажом абсталявання рэактараў.

Зразумела, што ў такіх умовах, калі пры разбурэнні зоны рэактараў закранаюцца асабліва небяспечныя рэчывы, не можа быць аслаблення кантролю за радыяцыйнай абстаноўкай.

Начальнік міжраённага цэнтра па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя ў г. Браслаў (МЦГМ) Георгій Пай нагадвае, што ў непасрэднай блізкасці ад граніц Беларусі знаходзяцца Ігналінская (4 км), Чарнобыльская (12 км), Ровенская (65 км) і Смаленская (75 км) АЭС. Таму для надзейнасці кантролю за радыяцыйнай абстаноўкай у рэжыме рэальнага часу, вымярэння магутнасці дозы гама-выпраменьвання і перадачы даных сумесна з метэаралагічнымі параметрамі па каналах тэлеметрыі ў пункты кантролю і цэнтры рэагавання ў пачатку 21 ст. па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у краіне была створана аўтаматызаваная сістэма радыяцыйнага кантролю (АСРК).

У гэту сістэму ўваходзяць і 8 аўтаматычных пунктаў вымярэння (АПВ) на тэрыторыі нашага раёна, размешчаных у Дрысвятах, Мяжанах, Урбанах, Браславе, Опсе, Далёкіх, Відзах і Казянах. Георгій Пай тлумачыць, што кожных 10 мінут АПВ перадаюць даныя магутнасці дозы гама-выпраменьвання ў лакальны цэнтр рэагавання, якім і з’яўляецца браслаўскі МЦГМ. У цэнтры рэагавання аператыўная радыяцыйная абстаноўка адлюстроўваецца на электроннай карце кантралюемай у зоне ўплыву Ігналінскай АЭС тэрыторыі. Даныя радыяцыйнага маніторынгу ў рэжыме рэальнага часу можна ўбачыць і на інфармацыйным табло ў будынку ЦРБ.

Асноўная задача лакальнага цэнтра рэагавання — кругласутачна сачыць за надзейнасцю работы аўтаматызаванай сістэмы. У выпадку ж ўзнікнення на Ігналінскай АЭС, якая цяпер разбіраецца і вакол якой пабудавана некалькі небяспечных аб’ектаў для захоўвання радыяцыйных адходаў, аварыйнай сітуацыі радыяцыйнага характару яе персанал павінен неадкладна паведаміць адпаведным органам дзяржаўнага кіравання пра перавышэнне парогавых узроўняў радыяцыі для прыняцця мер абароны насельніцтва і навакольнага асяроддзя.

На шчасце, за ўвесь час існавання лабараторыі магутнасць экспазіцыйнай дозы гама-выпраменьвання адпавядала натуральным сярэднім шматгадовым узроўням, хоць у 2005-м і 2010-м гадах на Ігналінскай АЭС з-за памылак персаналу і ўзнікалі пазаштатныя сітуацыі. Г. Пай узгадвае, што тады лабараторыя працавала ва ўзмоцненым рэжыме. Праводзіліся дадатковыя назіранні за станам паветра, глебы, вады, але перавышэння парогавых узроўняў радыяцыі не было зафіксавана. А вось калі ў 2011 годзе здарылася аварыя на японскай АЭС “Фукусіма-1”, былі выяўлены нязначныя змены ў складзе паветра, якія не ўяўлялі, праўда, ніякай небяспекі для здароўя людзей. Гэты факт сведчыць пра высокую адчувальнасць абсталявання АСРК.

У сувязі з будаўніцтвам Беларускай АЭС, кажа Г. Пай, плануецца і ўзмацненне радыяцыйнага кантролю, бо чарнобыльская катастрофа паказала важнасць і неабходнасць высокага ўзроўню нацыянальнай сістэмы рэагавання на магчымыя надзвычайныя сітуацыі радыяцыйнага характару. У прыватнасці, у нашым раёне будзе ўзведзены будынак метэаралагічнай станцыі і лабараторыі радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу, укамплектаваны затым навейшым абсталяваннем. Цяпер ужо на стадыі завяршэння знаходзяцца праектна-разведвальныя работы.

Казімір Пятушка. Фота аўтара.

Фота Г. Пай