Прэзідэнт звярнуўся з пасланнем да беларускага народу і Нацыянальнага сходу

Главное

000019_9346D35DA9FA974343257F9B00302574_721812Аляксандр Лукашэнка 21 красавіка прыняў удзел у сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, на якім звярнуўся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.

Пасланне складалася з некалькіх вялікіх тэматычных блокаў, цэнтральным і самым маштабным стаў эканамічны. Найбольш актуальныя пытанні былі закрануты і ў частцы, якая датычыцца сацыяльнай палітыкі: удасканаленне пенсійнай сістэмы, аховы здароўя, адукацыі. Акрамя таго, размова ішла пра прыярытэты знешняй палітыкі Беларусі, кадравую стратэгію і іншыя злабадзённыя пытанні.

Гаворачы пра эканамічную сітуацыю, беларускі лідар адзначыў, што гэты год павінен стаць пераломным у пераадоленні негатыўных тэндэнцый. Разам з тым Прэзідэнт звярнуў увагуна тое, што ў апошнія 2-3 гады тэмпы развіцця ў эканоміцы запаволіліся. «І хоць асноўную ролю ў гэтым адыгралі знешнія фактары, тым не менш, трэба прызнаць і свае недапрацоўкі. Мы адстаём ад перадавых краін па ўзроўні прадукцыйнасці працы, затратах энергіі, матэрыялаў і ў канчатковым выніку па канкурэнтаздольнасці тавараў і паслуг. Пагрозам нашай эканамічнай бяспецы мы павінны проціпаставіць арганізаванасць і ініцыятыву, мабілізацыю ўсіх рэсурсаў і ўменне эфектыўна гаспадарыць,» — нагадаў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым у праблемныя прадпрыемствы, лічыць А. Лукашэнка, неабходна ўдыхнуць новае жыццё за кошт інвестыцый і тэхналогій.  У сувязі з гэтым ураду даручана да 1 ліпеня падрыхтаваць дзяржпраграму інавацыйнага развіцця.

  • «Для зніжэння затрат на вытворчасць не абысціся без аптымізацыі колькасці работнікаў. Аднак на кожнае скарочанае месца павінна быць створана новае, больш прадукцыйнае. Задача няпростая. Патрэбны высокатэхналагічныя інвестыцыі і падрыхтоўка высокакваліфікаваных кадраў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Адначасова Прэзідэнт нагадаў, што задача штогод ствараць 50 тыс. новых рабочых месц з’яўляецца мінімальным патрабаваннем. 

Працягваючы тэму вытворчасці, беларускі лідар зазначыў, што «дыктатура якасці» павінна стаць паказчыкам прафесіяналізму ў гэтай сферы. Таксама кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адной з новых кропак росту эканомікі, якія дадуць устойлівую дынаміку яе развіцця, павінна стаць «зялёная» індустрыя.

Што тычыцца праватнага бізнеса, то Лукашэнка гарантуе абарону правоў добрасумленных прадпрымальнікаў. «Дзяржава абараняе і будзе абараняць правы, уласнасць і годнасць усіх прадпрымальнікаў, якія сумленна вядуць сваю справу. Але мы маем права чакаць няўхільнага выканання законаў, «выхаду з ценю» і адмовы ад нявыплаты падаткаў», — заявіў Прэзідэнт.

У сацыяльнай сферы прыярытэты па-ранейшаму абапіраюцца на прынцыпы сацыяльнай справядлівасці. «У аснове дзяржаўнай палітыкі ляжыць клопат пра чалавека, павышэнне дабрабыту і якасці жыцця людзей. Гэта наш галоўны прынцып і магістральны шлях развіцця», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Галоўнай жа задачай ў дэмаграфічнай сферы Прэзідэнт назваў стварэнне ўмоў для росту насельніцтва.

  • За 10 гадоў дзіцячая смяротнасць у рэспубліцы знізілася амаль у 3 разы. Па гэтым паказчыку Беларусь выйшла на перадавыя пазіцыі ў свеце.

Закрануў Аляксандр Лукашэнка і рэзанансную тэму павышэння пенійнага ўзросту. «Прымаючы рашэнне аб павышэнні пенсійнага ўзросту і пенсійнай рэформе, давайце прызнаем, што мы цягнемся ў хвасце падзей. Гэта даўно ўжо трэба было вырашыць. Таму тут няма ніякай надзвычайшчыны. І людзі спакойна гэта прынялі, — канстатаваў беларускі лідар. Тым не менш гэта першы крок. Ён будзе доўжыцца 6-7 гадоў, а далей, як я гаварыў, мы разам з вамі вернемся да гэтага пытання, калі ў гэтым будзе неабходнасць». Пры гэтым у Беларусі не будуць змяншаць пенсіі, павялічваць выплаты прадпрыемстваў і работнікаў у пенсійны фонд.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што сярод асаблівасцей 2016 года тое, што ён аб’яўлены Годам культуры. «Выклікана гэта тым, што культура, у шырокім сэнсе слова, павінна адыгрываць больш актыўную ролю ў з’яднанні народа вакол стваральных мэт, высокіх маральных прынцыпаў і нашых добрых традыцый. У бесперапынным глыбокім працэсе фарміравання працавітай, адукаванай, духоўна багатай і здаровай нацыі!» — упэўнены Прэзідэнт. Сёлета акцэнт будзе зроблены на мастацкай, творчай сферы. На думку кіраўніка дзяржавы, вялікую ўвагу трэба ўдзяляць і іншым напрамкам: культуры вытворчасці і земляробства, побыту і чалавечых адносін, добраўпарадкавання гарадоў і вёсак, беражлівага захавання гістарычнай спадчыны.

  • Аляксандр Лукашэнка: у другім паўгоддзі пастараемся павысіць пенсіі.

Сярод іншых асаблівасцей года Прэзідэнт асабліва адзначыў правядзенне важнага палітычнага мерапрыемства — парламенцкіх выбараў. Пры гэтым ён акцэнтаваў увагу на важнасці забяспечэння пераемнасці парламента. «Так мы захаваем стабільнасць і працаздольнасць вышэйшага заканадаўчага органа», — сказаў галава дзяржавы і дадаў: «Таму давайце дамовімся: 30 працэнтаў прыкладна мы павінны выкрышталізаваць з нашага парламента і прасіць народ, каб ён падтрымаў нашу прапанову».

Многа ўвагі ў сваім выступленні Прэзідэнт надаў знешняй палітыцы Беларусі. «Няма больш высокай каштоўнасці (гэта Украіна паказала і іншыя дзяржавы, цяпер асабліва — Сірыя), чым мір і бяспека, — сказаў А. Лукашэнка. — І ад таго, наколькі эфектыўна мы зможам адстаяць свой суверэнітэт, не дапусціць пранікнення да нас хаосу і насілля звонку, пазбегнуць памылак суседзяў, залежыць будучыня нашай Беларусі. Мы проста абавязаны зберагчы галоўны здабытак — мір, стабільнасць, міжнацыянальную, міжканфесійную згоду, адкрытасць да супрацоўніцтва». Беларусь працягне курс на мнагавектарную знешнюю палітыку, усебаковае ўзаемадзеянне ў рамках Еўразійскага рэгіёна. Саюзніцай і стратэгічным партнёрам застаецца Расійская Федэрацыя. Акрамя таго, Беларусь разлічвае на партнёрства з Кітаем і раўнапраўны дыялог з Захадам.