Напярэдадні навігацыйнага сезона

Главное Отдых

qYPLIVoYsl-big-350Асноўная задача дзяржаўнай інспекцыі маламерных суднаў — кантроль за бяспекай суднаходства маламерных суднаў і іх эксплуатацыяй. А таксама рэгістрацыя, класіфікацыя, тэхагляд такіх суднаў, арганізацыя навучання грамадзян і праверкі іх ведаў правілаў кіравання маторнымі плаўсродкамі, удзел у рэалізацыі мерапрыемстваў па папярэджванні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, выратаванні людзей на водных аб’ектах.

Напярэдадні навігацыйнага сезона нагадаем, што абавязковую рэгістрацыю, класіфікацыю і тэхнічны агляд павінны прайсці ўсе судны за выключэннем вёславых лодак, байдарак і надзіманых суднаў грузападымальнасцю менш за 225 кг. А маторкі неабходна рэгістраваць незалежна ад грузападымальнасці. Падчас рэгістрацыі трэба даставіць у інспекцыю судна, кіраўніцтва па эксплуатацыі з адзнакай аб продажы, пашпарт і квітанцыю аб аплаце.

У перыяд эксплуатацыі судна яго тэхагляд праводзіцца ў наступныя тэрміны:

— пасля заканчэння гарантыі, устаноўленай заводам-вытворцам (для ўсіх суднаў);

  • кожныя 2 гады для вёславых лодак, з года выпуску якіх прайшло менш за 10 год;
  • кожны год для вёславых лодак, з года выпуску якіх прайшло 10 і больш год, і іншыя маламерныя судны.

Кожны плаўсродак павінен эксплуатавацца з нанесенымі рэгістрацыйнымі нумарамі, у спраўным стане з выкананнем умоў, устаноўленых дзяржінспекцыяй для бяспекі яго выкарыстання — па раёне плавання, аддаленасці ад берага, дапушчальнай вышыні хвалі, асадцы, надводным борце, гранічнай магутнасці і колькасці рухавікоў, грузападымальнасці, пасажыраўмяшчальнасці, аснашчанасці выратавальнымі, супрацьпажарнымі сродкамі і сігнальнымі агнямі.

Хачу засяродзіць увагу суднаўладальнікаў, што ў адпаведнасці са зменамі ў КоАП ад 4 студзеня 2016 г. за асобныя віды грубых правапарушэнняў прадугледжаны штраф ад 10 да 50 БВ.

Цяпер на браслаўскім участку інспекцыі арганізуюцца курсы па падрыхтоўцы вадзіцеляў маторак. Нагадаю, што пасведчанні неабходны для кіравання суднам з магутнасцю рухавіка звыш 3,7 кВт (5 к. с.).

Увага: прыём грамадзян па пытаннях рэгістрацыі і тэхагляду суднаў сёлета здзяйсняецца па адрасе: г. Браслаў, вул. Дзяржынскага, 63 (РАНС) з 8 да 13 гадзін, а з 9 да 15 гадзін — у райаддзелах па надзвычайных сітуачыях суседніх райцэнтраў:

  • 2 і 4 аўторак месяца — у Мёрах; 2 і 4 сераду — у Шаркаўшчыне; 2 і 4 чацвер — у Глыбокім; 1 і 3 аўторак — у Паставах.

Войцех Скур’ят, дзяржінспектар браслаўскага ўчастка ДІМС.