Беларусачка Алеся

Люди

IMG_0031Вучаніца 10 класа Ахрэмаўскай школы Алеся Багдановіч сярод іншых школьных прадметаў асабліва вылучае беларускую мову і літаратуру. Яна дадаткова займаецца са сваёй настаўніцай Валянцінай Мядзведзь, вывучае слоўнікі, творы пісьменнікаў, цікавіцца літаратурай, якая выходзіць за рамкі школьнай праграмы.

Пасля школы дзяўчына марыць стаць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Выбар будучай прафесіі тлумачыць проста: “Я — беларуска. Люблю сваю краіну і хачу, каб больш народу ведала родную мову”.

Старанная, сур’ёзная і актыўная, дзяўчына мэтанакіравана ідзе да сваёй мэты. У па-заўрочны час і канікулы яна часта заседжваецца за падручнікамі, дасканала разбіраецца з правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, выконвае розныя заданні. Асаблівую ўвагу разам з настаўніцай ўдзяляе алімпіядным матэрыялам.

Дзякуючы свайму працалюбству і ўседлівасці, Алеся не аднойчы займала першае месца на раённай алімпіядзе па беларускай мове, а ў гэтым годзе стала трэцяй у вобласці. У вольны ад вучобы час, яна сустракаецца з сяброўкамі, глядзіць фільмы і чытае кнігі.

Тэкст і фота Алены Набеевай.