Фонды раённага аб’яднання музеяў налічваюць больш за 24 тыс. прадметаў

Главное

777-300x300Як паказвае сусветная музейная практыка толькі невялікая частка экспанатаў знаходзіцца ў пастаяннай экспазіцыі, усе ж астатнія прадметы захоўваюцца ў фондах музея, якія па праву лічацца трывалым яго падмуркам.

Фонды раённага аб’яднання музеяў налічваюць больш за 24 тысячы прадметаў, якія размешчаны ў 29 калекцыях. Для наведвальнікаў у пастаянных экспазіцыях прадстаўлены крыху больш за 1300 экспанатаў. 233 музейных прадметаў аднесены да ліку асоба каштоўных і зарэгістраваны ў Дзяржаўным каталогу музейнага фонду краіны.

Адна з самых цікавых і прадстаўнічых музейных калекцый — фалерыстыка. Гэта дзяржаўныя ўзнагароды, знакі і значкі розных перыядаў і краін. У калекцыі амаль 1,5 тыс. такіх экспанатаў, з іх 196 узнагарод, многія з якіх малавядомыя шырокаму колу наведвальнікаў. Напрыклад,  медаль 1809 года “За пераход на шведскі бераг”, “У памяць вызвалення сялян”. Нямала ў нас захоўваецца ўзнагарод часоў першай сусветнай вайны, сярод якіх салдацкі “Георгіеўскі крыж”, і Вялікай Айчыннай. А сярод баявых узнагарод камандзіра партызанскай брыгады імя Жукава Паўла Сырамахі ёсць і незвычайны мірны “Малы сярэбраны медаль” ВДНХ СССР.

Вельмі цікавай з’яўляецца і калекцыя значкоў, якая складаецца з 1270 прадметаў.

У выніку разнастайных краязнаўчых эспедыцый, якія праводзяць супрацоўнікі спадчына-культурнай скарбніцы, фонды музея папаўняюцца новымі цікавымі экспанатамі. Свой уклад уносяць і неабыякавыя жыхары Браслаўшыны. Так, у мінулым годзе вельмі значны дар музею зрабіў браслаўчанін Аляксандр Цанава. Ён перадаў нам 42 узнагароды сваіх бацькоў Макара і Праскоўі Цанаваў — удзельнікаў партызанскага руху на Браслаўшчыне.

Хочацца адзначыць, што супрацоўнікі фондаў з задавальненнем пазнаёмяць цікаўных краязнаўцаў з экспанатамі, якія захоўваюцца ў музейным сховішчы, і дадуць пра іх дасканалую інфармацыю.

Міхаіл Кахановіч, галоўны захавальнік фонду

раённага аб’яднання музеяў.