Напагатове 24 гадзіны

Главное Человек и закон

IMG_0318Калі здараецца бяда, чалавек адразу тэлефануе на нумар 102. І на тым канцы проваду чуе: “Браслаўскі РАУС. Аператыўна-дзяжурная служба. Чым можам дапамагчы?”. Тут жа ён паведамляе пра здарэнні ці злачынствы дзяжурнаму і чакае дапамогі. Аднак адваротны бок дзейнасці гэтай службы, з складанымі буднымі днямі і незвычайнымі здарэннямі, ведаюць не ўсе.

У РАУС аператыўна-дзяжурную службу нягласна называюць сэрцам міліцыі, праз якое праходзяць сотні тэлефонных і вусных паведамленняў пра здарэнні.

— Сапраўды так, бо хто і даведваецца першым пра ўсё, што адбываецца ў раёне, дык гэта нашы супрацоўнікі. Дарэчы, цяпер тут працуюць 10 міліцыянераў: старшы аператыўны дзяжурны, 2 інспектары-дзяжурныя, 3 памочнікі дзяжурнага і 4 вадзіцелі. Каманда ў нас зладжаная, дружная, гатовая выконваць усе пастаўленыя задачы. Тут і вопытныя супрацоўнікі з вялікім стажам, і маладыя, якія год ці два служаць у міліцыі. Мы 24 гадзіны ў суткі гатовы адгукнуцца на паведамленні пра здарэнні, — расказвае начальнік аператыўна-дзяжурнай службы Аляксей Васільеў.

Ён адзін з самых вопытных супрацоўнікаў. У міліцыю прыйшоў у 2006 годзе, пачынаў з участковага інспектара. Пазней перайшоў на працу ў АДС, а ў мінулым годзе ўзначаліў яе.

Кожны дзень на змену ў АДС заступае дзяжурны нарад. Згодна з інструкцыямі ў кожнага з іх свае абавязкі, але ў цэлым яны працуюць як адна каманда. Дзяжурны прымае заяўкі па тэлефоне, у вусным парадку, і ў залежнасці ад таго, што здарылася, высылае на месца следча-аператыўную групу ці ўчастковага. І тут самае галоўнае — аператыўна прыйсці на дапамогу.

Колькасць тэлефонных званкоў у дзень — розная. Бывае ў будныя дні менш, а ў выхадныя — больш, а бывае, наадварот. У святочныя дні як правіла тэлефануюць у 2-3 разы часцей. І гэта неабавязкова паведамленні пра здарэнні. Бывае, проста пытаюцца нумар, скардзяцца на каго ці свавольнічаюць дзеці. Не кожны ведае, але ўсе званкі на нумар 102 фіксуюцца і запісваюцца, а потым захоўваюцца 8 месяцаў. Таму жартаўніка хутка знойдуць і яму будзе пагражаць адміністрацыйная адказнасць. Дарэчы, як мяне ўпэўніў Аляксей Васільеў, не можа быць і такога, што званок не застанецца без рэагавання. Усе паведамленні запісваюцца ў кнігу ўліку заяў і на электронны носьбіт, да таго ж вечарам адказны па РАУС можа паслухаць усе паведамленні, якія паступілі ў гэты дзень і пракантраляваць іх выкананне.

Сярод самых распаўсюджаных правапарушэнняў, пра якія паведамляюць у міліцыю —  сямейна-бытавыя скандалы, сваркі, крадзяжы, хуліганствы. Бывае, што праходзіць колькі часу, перш чым паведамляюць пра здарэнне. І тады знайсці зламысніка становіцца складаней.

Яшчэ аператыўныя дзяжурныя кантралююць “пастаяльцаў” ізалятара часовага ўтрымання, запаўняюць службовую дакументацыю і інш. Таксама з дзяжурнай часці праз відэакамеры вядзецца агляд тэрыторыі, што прылягае да РАУС.

— Асноўныя прынцыпы нашай работы — пераемнасць, захаванне законнасці, ветлівыя і паважлівыя адносіны да грамадзян. Кожны наш супрацоўнік спраўляецца са сваімі абавязкамі “на выдатна”. Гэта сапраўдныя прафесіяналы, якія карэктна, ветліва і хутка аказваюць дапамогу тым, хто да іх звяртаецца, — падкрэслівае Аляксей Васільеў.

Таццяна Пятушка.

Фота аўтара.