Вызначаны лепшы знаўца беларускай мовы

Главное

1127_kachajУ №14 “Браслаўскай звязды” мы аб’явілі конкурс, прымеркаваны да Міжнароднага дня  роднай мовы. На працягу мінулага тыдня аматары беларускай мовы і літаратуры прыносілі ў рэдакцыю, дасылалі па пошце і на электронны адрас нашага выдання свае работы. Прыемна, што сярод тых, хто спрабаваў сілы ў веданні спрадвечных нацыянальных слоў і выразаў, арфаграфіі і сінтаксісу, твораў мастацкай літаратуры, не толькі вучні школ раёна і гімназіі, а і спецыялісты ўстаноў і арганізацый, хатнія гаспадыні і пенсіянеры. Малодшаму ўдзельніку конкурсу 11 гадоў, самаму сталаму — 79.

Журы ўважліва праверыла кожную работу: улічваліся не толькі правільныя адказы, але і якасць мовы. Трэба адзначыць дастаткова высокі ўзровень выканання работ, валодання беларускай мовай і ведаў у галіне літаратуры — канкурэнцыя была сур’ёзнай. Па агульнай суме балаў былі вызначаны прызёры конкурсу: намеснік дырэктара дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі “Браслаўскі цэнтр дзяцей і моладзі” Вольга Мезіна, навуковы супрацоўнік гісторыка-краязнаўчага музея Дар’я Васільева і хатняя гаспадыня Ганна Скур’ят. Пераможцы будуць узнагароджаны дыпломамі. Тытул жа самай граматнай браслаўчанкі журы прысудзіла Вользе Мезінай, якая набрала 87 балаў з 89 магчымых. Пераможніца атрымае заслужаную ўзнагароду — падпіску на “Браслаўскую звязду” на 2-гі квартал.

Рэдакцыя газеты шчыра дзякуе ўсім удзельнікам конкурсу за іх актыўнасць і прыхільнасць да роднай мовы і літаратуры.

Жанна Бялько.

 

Колькасць балаў, якія набралі ўдзельнікі конкурсу

  1. Мезіна Вольга —87
  2. Васільева Дар’я — 84,9
  3. Скур’ят Ганна — 83,4
  4. Капылоў Арцём — 82,6
  5. Пятушка Вольга — 81,9
  6. Вайцяховіч Аўгуст — 80,5
  7. Смерцьеў Сяргей — 80,5 (работа дасланая пазней за №6)
  8. Лукша Кацярына — 79,9
  9. Бялусь Варвара — 72
  10. Галавацкая Алёна — 70,2

ДАВЕДКА

  1. Растлумачыць значэнне слоў:

Слімак —  1. Малюск, які мае ракавіну і рухаецца вельмі марудна. 2. Малюск, амаль пазбаўлены ракавіны; слізняк. 3. Так кажуць пра бесхарактарнага, бязвольнага чалавека.

Шыба – кавалак шкла, устаўлены ў аконную раму.

Чапяла — 1. Жалезны кручок з ручкай для падымання і пераносу патэльні. 2. Высокі, няўклюдны чалавек.

Абапал — ‘па абодва бакі’ (абапал дарогі)

Цурацца1. Пазбягаць каго-н., чаго-н.; ухіляцца ад зносін з кім-н., ад выканання чаго-н.  2. Адракацца ад каго-н., чаго-н., выракацца каго-н., чаго-н.

Гарэза – весялун, дуронік, непаседа.

Пэндзаль – пучок шчаціння, валасоў або шэрсці, прымацаваны да ручкі, які служыць для нанясення фарбы, клею і пад. на паверхню чаго-н.

Конік 1 –  1. памяншальна-ласкальная форма да конь (у 1 знач.); невялікі конь. 2. Дзіцячая цацка, падобная на каня, конскую галаву.  3. Дзіцячая гульня — язда вярхом на палачцы.

Конік 2 —  1. Насякомае, якое скача і стракоча крыламі.

  1. Птушка сямейства сітаўкавых.

Сцізорык — невялікі складны кішэнны нож.

Абшар — неабсяжная прастора.

Знічкаразмоўнае слова. Падаючая зорка.

 Хвацкі1. Удалы, спрытны; маладзецкі.  2. размоўнае слова Вельмі добры, слаўны. 3. размоўнае слова Прыдатны для выкарыстання, ёмкі.

  1. Запісаць сказы па-беларуску:

Я падзякаваў сябру за дапамогу. Вольга чытала кнігу сама сабе. Нельга смяяцца з памылак сяброў. Я пайду па брата. Бабуля хадзіла ў лес у суніцы. Праз сон я чуў гаворку бацькоў. Я падобная да старэйшай сястры. Банан смачнейшы за моркву. Дзядуля паехаў у млын. Раскажы мне пра сябе.

  1. У якіх сказах няправільна ўжыты дзеяслоў? Выправіць памылкі:           

Гусь шчыпала траву. Боль мучыў Івана ўвесь дзень. Сабака моцна брахаў. Медаль ляжаў на стале. Гар засцілаў вочы. Старая камода стаяла каля сцяны. Прыгожы рамонак раскрыў пялёсткі.

  1. Замяніць словамі лічбавыя абазначэнні лічэбнікаў:

Перапісваецца з двумастамі пяццюдзесяццю сямю адрасатамі, не было трохсот адзінаццаці чалавек, бібліятэка з чатырма тысячамі васьмюстамі дзевяноста дзвюма кнігамі, на дзве тысячы шэсцьсот восемдзесят дзевяць рублёў, дваццаціпяцімільённы.

  1. Запісаць тэкст у адпаведнасці з арфаграфічнымі і пунктуацыйнымі нормамі беларускай мовы:

Беларускія лірычныя песні, як сведчыць іх змест, некаторыя лексічныя і стылістычныя прыкметы, а таксама асаблівасці напеваў, узніклі, на думку вучоных, у той перыяд сярэдневякоўя, калі складвалася сама беларуская народнасць.  Жанр лірычнай песні —  адзін з самых багатых у вусна-паэтычнай творчасці беларускага народа і па колькасці  песенных тэкстаў, і па невычарпальнай разнастайнасці тэм і матываў.

  1. Каму належаць наступныя радкі пра беларускую мову?

Аўтар гэтых радкоў — вядомы беларускі пісьменнік Францішак Багушэвіч.

  1. Назва гэтага верша з латыні перакладаецца як “Марыя, радуйся”. Назваць аўтара і арыгінальную назву твора.

Максім Танк. “Ave Maria”.

  1. У гонар якога беларускага пісьменніка ўстаноўлены помнік? Назваць горад.

Помнік Уладзіміру Караткевічу ў Оршы.

  1. Перад вамі пераклад на рускую мову. Хто аўтар беларускага арыгіналу?

Аркадзь Куляшоў.

  1. Аднавіць парадак слоў у радках і паставіць адпаведныя знакі прыпынку. Назваць аўтара гэтых радкоў:               

Але расстацца нам час наступае;

Пэўна, ўжо доля такая у нас.

Моцна кахаў я цябе, дарагая,

Але расстацца нам час.

Максім Багдановіч.