Уладзіслаў Далецкі ідзе да сваёй мэты стаць вядомым музыкантам

Люди

IMG_5205Уладзіслаў Далецкі з самага маленства захапіўся музыкай. Ужо ў чатыры гады бацькі купілі хлопчыку маленькі дзіцячы акардэон. Цяпер Улад з’яўляецца дыпламантам і пераможцам рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. 

—  Вучыўся я па класе акардэона ў цудоўнага педагога Алены Пятушка, а таксама немалую ролю ў маім станаўленні адыграла Ірына Бялусь, у якой я займаўся ў аркестры. Ужо з маленства разумеў, што музыка гэта тое, чым хачу займацца ў жыцці. Падчас навучання ў Дзіцячай школе мастацтваў я пачаў удзельнічаць у конкурсах і менавіта падчас вучобы атрымаў свае першыя міжнародныя дыпломы на конкурсе акардэаністаў у Даўгаўпілсе, — расказвае пра сябе Улад.

— Улад адразу вызначаўся сваім талентам і працалюбствам. Ён карпатліва развучваў мелодыі, стараўся ўнікнуць у кожны нюанс. З ім было лёгка на занятках. Акрамя абавязковай сямігадовай праграмы, яшчэ год займаўся дадаткова перад паступленнем, — успамінае пра час вучобы хлопца А. Пятушка.

Трывалая музычная база дазволіла хлопцу без праблем паступіць у Наваполацкі музычны каледж, дзе ён актыўна вёў канцэртную і конкурсную дзейнасць. Але па-сапраўднаму раскрыцца яму дапамагла вучоба ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Ужо на першым курсе ў 2013 годзе ён атрымаў Гран-пры на ўкраінскім конкурсе “Візерункі прікарпацця”, у снежні 2014-га стаў лаўрэатам у сольнай намінацыі ў Маскве на конкурсе “Баян. Акардэон. Гармонік”. Акрамя гэтага,  з’яўляючыся студэнтам 2 курса, на конкурсе ў Варонежы атрымаў дыпломы ў сольнай і ансамблевай намінацыі. Двойчы, як аркестрант, з’яўляўся ўдзельнікам фестываляў беларускай культуры ў гарадах Кашалін і Вейхерава (Польшча).

Цяпер хлопец з’яўляецца студэнтам 3 курса ўніверсітэта. Займаецца дырыжыраваннем і аранжыроўкай. Самастойна рэпеціруе каля дзвюх гадзін у дзень, а перад конкурсамі — па чатыры — пяць.  Уладзіслаў марыць стаць вядомым музыкантам, але пэўнага куміра не мае. Лічыць, што трэба быць самім сабой і ісці да сваёй мары. Пэўныя крокі ён ужо робіць. Так, напрыклад, займаўся аранжыроўкай песень для некаторых удзельнікаў беларускага кастынгу “Еўрабачання” і расійскага шоу “Голас”.

— Я даказаў сваім блізкім і сябрам, што музыка для мяне — гэта ўсур’ез.  Жадаю юным браслаўчанам, каб заняткі музыкай прыносілі ім радасць і задавальненне, — сказаў на развітанне Уладзіслаў.

Што ж, пажадаем і мы хлопцу здзяйснення запаветных мараў, а таксама сусветнага прызнання і поспеху!

Алена Набеева.

На здымку: Уладзіслаў Далецкі з педагогам Аленай Пятушка.