Рамуальд Шукель «ЧАЛАВЕК ГОДА БРАСЛАЎШЧЫНЫ»

Главное

IMG_7872Кожны раз, калі даводзіцца рыхтаваць для газеты чарговую публікацыю пра вытворчыя справы СВК «Маяк Браслаўскі» старшыня праўлення Рамуальд Шукель не праміне напомніць: «Высокія паказчыкі і дасканалая арганізацыя працы не мая заслуга, а ў першую чаргу спецыялістаў і тых, хто непасрэдна арэ глебу, сее зерне, доіць кароў, корміць свіней. Я ж проста выконваю функцыі адміністратара».

Сапраўды, каманда спецыялістаў у гаспадарцы дастойна самых высокіх пахвал, што ні прозвішча, то сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Але ж каб сабраць такіх, зацікавіць працаваць адной зладжанай камандай, патрэбны, напэўна, не столькі арганізатарскія здольнасці, колькі тое сялянскае чуццё «свайго» чалавека, якое дадзена таму, хто нарадзіўся і вырас на гэтай зямлі, з малаком маці ўвабраў у сябе любоў да яе, з малых гадоў даведаўся пра цану хлебаробскай працы, навучыўся цаніць яе, паважаць, а дзесьці нават і выносіць у культ, як самую высакародную з усіх на зямлі.

Гігантскіх прыступак на шляху Рамуальда Іванавіча да старшынёўскага крэсла не было: вадзіцель, загадчык майстэрні, начальнік аддзялення. Па гэтых ступенях ён не распіхваючы нікога локцямі ішоў з пачатку сваёй працоўнай дзейнасці, якую пачаў у 1969 годзе пасля службы ў арміі і да 1989 года, калі ўзначаліў калгас «Маяк».

Павольны рух па кар’ернай лесвіцы навучыў Р. Шукеля паважлівым адносінам да чалавека працы, яго патрэб і клопатаў. Пры гэтым ён не дзеліць калектыў на тых, хто сёння сваімі рукамі стварае матэрыяльныя каштоўнасці і тых, хто даўно выйшаў на заслужаны адпачынак. Апошнія ў гаспадарцы ніколі не выпадаюць з поля зроку старшыні.

Асаблівую даніну павагі Рамуальд Іванавіч аддае ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія жывуць на тэрыторыі сельгаспрадпрыемства і тым, хто не дажыў да светлага дня Перамогі. У кожнае з мемарыяльных пахаванняў гаспадарка ўкладвае ўласныя сродкі, каб гэтыя святыя месцы мелі дастойны выгляд.

Такія душэўныя чалавечыя адносіны і дапамагаюць сплачваць калектыў і вырашаюць самыя складаныя задачы. Нездарма ж з году ў год працаўнікі СВК «Маяк Браслаўскі» пад кіраўніцтвам Рамуальда Іванавіча дабіваюцца самых высокіх паказчыкаў ва ўсіх галінах вытворчасці. Вось і летась хлебаробы гаспадаркі намалацілі 14542 тоны збожжа пры ўраджайнасці ў 38 цэнтнераў з гектара, аператары машыннага даення ад кожнай каровы атрымалі па 6937 кг малака, выручка ад рэалізацыі ўсёй сельгаспрадукцыі дасягнула 137 мільярдаў 368 мільёнаў рублёў.

Сапраўды, такіх вынікаў можна дабіцца толькі пры зладжанай рабоце каманды.

Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.