Для тых, хто памятае…

Новости

IMG_4396 Кожны год, 15 лютага, “афганцы” нашага раёна знаходзяць у сабе сілы сабрацца разам, каб успомніць былыя ваенныя падзеі, сваіх баявых таварышаў, падтрымаць адзін аднаго.

Сёлета Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў па традыцыі пачаўся сумным мітынгам каля Ахрэмаўскай СШ, дзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка былому вучню гэтай установы Валерыю Александровічу, які загінуў у далёкай чужой краіне. Цёплымі словамі ўспамнілі школьнікі і старшыня Ахрэмавецкага сельсавета Дзіяна Тарун свайго мужнага земляка. Затым былыя “афганцы” наведалі месца яго пахавання, а таксама магілы сваіх баявых таварышаў, якія не дажылі да сённяшняга дня.

Шматлюдна было ў гэты дзень і ў гарадскім скверы каля памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам. Акрамя ўдзельнікаў урачыстасці, сюды прыйшлі школьнікі, моладзь і людзі старэйшага пакалення, каб ушанаваць памяць тых, хто не вярнуўся з поля бою.

Адкрываючы мітынг-рэквіем, старшыня райвыканкама Уладзімір Дранеўскі адзначыў, што гэты дзень з’яўляецца днём памяці падзей, напоўненых жахам вайны, стратамі сяброў і таварышаў, чаканнем сустрэчы з роднымі і блізкімі. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што воіны-інтэрнацыяналісты разам з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны займаюць сёння актыўную жыццёвую пазіцыю, удзельнічаюць у патрыятычным выхаванні моладзі. Старшыня райвыканкама павіншаваў “афганцаў” з днём памяці, пажадаў ім здароўя, шчасця і сямейнага дабрабыту.

Ад імя воінаў-інтэрнацыяналістаў выступіў Леанід Якаўлеў, павіншаваў віноўнікаў урачыстасці і раённы ваенны камісар Віталь Грамніцкі. Пра боль і трывогу мацярынскага сэрца падчас службы сыноў расказала прысутным маці былога “афганца” Вера Сяліцкая.

У знак павагі і памяці пра тых, хто не вярнуўся з поля бою, і чыё жыццё абарвалася ўжо ў мірны час, у неба ўзняліся паветраныя шарыкі з траўрнай стужкай.

Хвілінай маўчання, вянкамі і кветкамі ўшанавалі прысутныя памяць загінулых.

Затым мерапрыемства, прысвечанае Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, прадоўжылася ў актавай зале СШ №1, дзе адбыўся святочны канцэрт “Для тых, хто памятае”.

Падчас ўрачыстасці старшыня райвыканкама Уладзімір Дранеўскі і старшыня РГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Леанід Мікшта за значны ўклад і падтрымку дзейнасці арганізацыі воінаў-“афганцаў” уручылі старшыні райсавета Ніне Пучынскай і члену арганізацыі Яўгену Падагелю нагрудныя знакі “За заслугі” ІІ і І ступені адпаведна, а 14 жданаўцаў атрымалі з рук Н. Пучынскай членскія білеты і значкі БРСМ.

Нельга не адзначыць цудоўны канцэрт, падрыхтаваны вучнямі школы. Арганізатары прадумалі яго сцэнарый да тонкасцей. Праніклівыя літаратурныя і музычныя кампазіцыі, прыгожыя касцюмы і рэквізіт, тэматычныя слайды кранулі душу і сэрца гледачоў, якія не хавалі слёз. Не пакінула абыякавымі прысутных і выступленне Дар’і Залуцкай і Дзімы Казура, якія прысвяцілі яго сваім дзядулю Уладзіміру Лясовічуі бацьку Аляксандру Казура — былым “афганцам”. Пад акорды фінальнай песні ўсім віноўнікам і гасцям урачыстасці вучні ўручылі валенцінкі, выкананыя ўласнымі рукамі.

Алена Пятушка.

Фота аўтара.

IMG_4426IMG_4439

IMG_4416IMG_4356