Найважней — жывая сувязь з людзьмі

Люди

IMG_4045 (Small)Старшыню Плюскага сельскага Савета дэпутатаў Пятра Белуся рэдка калі ўбачыш за рабочым сталом. Часцей яго сустрэнеш у раз’ездах па населеных пунктах сельсавета, бо ён цвёрда ўпэўнены, што “жывая сувязь” з людзьмі найважней у рабоце старшыні.

Пасля заканчэння ў 2000 годзе матэматычнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта П. Бялусь і не думаў, што аднойчы ў яго жыцці адбудуцца кардынальныя перамены.

Пачынаў працоўную дзейнасць у адной са школ Бешанковіцкага раёна, а праз два гады разам з сям’ёй вярнуўся ў Плюсы, на малую радзіму. Толькі цяпер парог сваёй школы ён пераступіў дыпламаваным спецыялістам.

  • Былыя мае настаўнкі, — кажа П. Бялусь, — ужо ў якасці калег добразычліва прынялі мяне ў сваю педагагічную сям’ю.

З задавальненнем Пётр Казіміравіч прывіваў школьнікам інтарэс да фізічных з’яў і законаў. Яго вучні з поспехам удзельнічалі ў прадметных алімпіядах. Прафесіяналізм і сумленныя адносіны да справы маладога настоўніка ў хуткі часе сталі трывалым падмуркам для павагі і пашаны з боку калег і аднавяскоўцаў.

Адукаванага, нераўнадушнага чалавека, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй заўважыла кіраўніцтва раёна. І ў красавіку 2009 года П. Белуся прызначылі выконваючым абавязкі старшыні Плюскага сельвыканкама, а праз год ён быў абраны дэпутатам.

Пераабралі яго і на другі тэрмін. Таму вось ужо сёмы год Пётр Казіміравіч вырашае надзённыя праблемы мясцовых жыхароў.

  • Сельсавет для вяскоўцаў, — кажа П. Бялусь, — першая інстанцыя, куды яны звяртаюцца са сваімі бедамі і праблемамі. Таму вельмі важна ўважліва выслухаць чалавека і паспрабаваць дапамагчы яму. Людзі павінны адчуваць клопат і зацікаўленасць мясцовай улады да іх патрэб.

І рабоце са зваротамі грамадзян у сельвыканкаме надаецца першасная ўвага. Так, за мінулы год ад вяскоўцаў паступіла 40 зваротаў, якія ў асноўным тычыліся жыллёва-камунальных пытанняў. І, як адзначыў, П. Бялусь, дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню з сельгаспрадпрыемствам і пагранзаставай, што знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, усе яны вырашаны.

Напрыклад, пры дапамозе “Альшанкі” адрамантаваны вадаправод у агр. Плюсы і в. Дубіна, аказвае сельгаспрадпрыемства падтрымку і ў апрацоўцы прысядзібных зямельных участкаў вяскоўцаў. Таксама ўсе іх пасевы збожжавых уключаны ў агульны севазварот гэтага прадпрыемства. А пагранічнікі разам з мясцовымі жыхарамі шчыруюць падчас навядзення парадку на зямлі.

Дарэчы, добраўпарадкаванню населеных пунктаў сельвыканкам надае шмат увагі. На гэтыя мэты ў мінулым годзе зрасходавана 166,1 млн руб. бюджэтных сродкаў. Акрамя гэтага, 9,9 млн руб. было выдаткавана на знос лядашчых дамоў. Рэгулярна праводзяцца высечкі драўнінна-хмызняковай расліннасці на прыдарожных палосах, абкосы прыдамавых тэрыторый, ідзе барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага.

На тэрыторыі сельсавета ліквідавана 11 несанкцыянаваных звалак, абсталяваны 4 пляцоўкі для збору цвёрдых камунальных адыходаў на могілках, на якіх устаноўлены кантэйнеры.

За сродкі самаабкладання, якіх было сабрана 22 млн руб., у мінулым годзе праведзены рамонт пад’язнога шляху да могілак в. Лаўнікі. І, як сказаў П. Бялусь, паколькі яна адпавядае ўсім стандартам, у бягучым годзе плануюць яе перадаць на абслугоўванне ДРБУ-142.

  • Радуе і той факт, — адзначае старшыня сельсавета, — што ў лепшы бок змяніліся і адносіны людзей у плане навядзення і падтрымання парадку ля сваіх дамоў, агульнай тэрыторыі і могілак.

Безумоўна, існуюць і некаторыя праблемы. Аднак неабыякавасць вяскоўцаў, моцная падтрымка дэпутацкага корпуса і старэйшын, падкрэслівае П. Бялусь, спрыяюць вырашэнню многіх надзённых пытанняў.

Алена Пятушка.

Фота аўтара.

Врезка: Плошча Плюскага сельсавета складае 25842,8 га, на яго тэрыторыі знаходзіцца 83 населеныя пункты, у якіх пражывае 1245 жыхароў, у тым ліку працаздольнага ўзросту — 701, дашкольнага — 40, школьнага — 102, пенсіянераў — 371. У 2015 г. у сельвыканкаме зарэгістраваны 3 шлюбы, 8 нараджэнняў і 18 смярцей.

Врезка: У мінулым годзе праведзены бягучы рамонт дарог на суму 54 млн 594 тыс. руб., выдалена больш за 650 аварыйных дрэў, на электраасвятленне асвоена 46 млн 560 тыс. руб. Дзякуючы дапамозе шэфскіх арганізацый, праведзены капітальны рамонт МТФ “Баруны”, за што старшыня сельсавета выказвае асаблівую ўдзячнасць ДРБУ-142, ПМС і пагранічнікам.