З верай — у Год міласэрнасці

Новости

IMG_3396 (Small)У мінулую нядзелю для каталіцкіх вернікаў Браслаўшчыны адбылася значная гістарычная падзея. Біскуп Віцебскай Дыяцэзіі Алег Буткевіч адчыніў Браму Міласэрнасці ў касцёле Нараджэння Маці Божай.

Раней такая прывілея была дадзена толькі храму ў Ватыкане і  тое раз у 25 гадоў.  Аднак упершыню Папа Францішак прыняў беспрэцэндэнтнае рашэнне — адкрыць Святыя вароты ў каталіцкіх святынях усяго свету.

  • Такое рашэнне, — тлумачыць біскуп Алег Буткевіч, — выклікана складанай сітуацыяй у свеце, грамадстве і асабістым жыцці сучаснага чалавека. Кожны з нас адчувае недахоп веры і любові, таму так важна, каб чалавек адчуў боскую міласэрнасць і падтрымку.

Шматлікія вернікі Браслаўшчыны перад пачаткам святой імшы сабраліся каля святыні, каб стаць сведкамі знамянальнай падзеі. Пасля малітвы пад узнёслыя спевы касцёльнага хору з верай і надзеяй  у душы ўступілі вернікі ў Год міласэрнасці.

З гэтага часу і да 20 лістапада 2016 года ў браслаўскім касцёле прыхажане будуць мець магчымасць атрымаць поўнае дараванне грахоў.

Затым пачалася ўрачыстая імша з удзелам святароў браслаўскай парафіі. У  гаміліі біскуп звярнуў увагу ўсяго Касцёла на вялікі дар, якім з’яўляецца Божая міласэрнасць і пажадаў, каб кожны чалавек спазнаў блізкасць і любоў Айца Нябеснага.

На завяршэнне імшы святар ад імя Папы Францішака блаславіў усіх прысутных.

Алена Пятушка.