Утульны і прыветлівы дом

Главное

IMG_2053 (Small)Адмовіцца ад традыцыйных школ-інтэрнатаў — адна з галоўных задач нашай дзяржавы, а дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, уладкаваць на выхаванне ў сем’і. Менавіта з гэтай нагоды ў краіне будуюцца дамы сямейнага тыпу. Два гады таму назад адчыніў свае дзверы такі дом і ў нашым раёне, куды засялілася Святлана Дземіткевіч са сваімі выхаванцамі. Каб даведацца, як сёння жыве вялікая сям’я, выправілася да іх у госці.

Буянне прыгожых кветнікаў, якія “акупіравалі” катэдж, прыемна парадавала вока. Колькі ж трэба часу, каб стварыць і дагледзець такую прыгажосць!

Святлана Антонаўна ветліва запрасіла прайсці ў хату і дадала, што гасцям тут заўсёды рады. У чым упэўнілася адразу, бо мяне найперш запрасілі за стол і пачаставалі смачным баршчом. Кампанію мне склалі двое малодшых дзяцей — Юра і Максім, якія якраз прыйшлі са школы. Хлопцы хутка расправіліся з абедам і задаволеныя пабеглі ў свой пакой.

На пытанне, як дастукацца да дзіцяці, пакрыўджанага роднымі бацькамі, Святлана Антонаўна ўпэўнена адказала, што толькі любоў і паразуменне могуць растапіць ільдзінку ў яго душы. Безумоўна, без цяжкасцей не абысціся, бо кожнае дзіця перажывае бяду па-свойму. Адзін замыкаецца ў сваёй шкарлупіне, другі становіцца агрэсіўным, трэці — абыякавым. І да кожнага трэба падабраць запаветны ключык, прабіцца скрозь яршыстасць, недавер і напаіць гаючым элексірам пяшчоты.

— Ніколі не выбірала дзяцей, не ставіла ніякіх умоў, каго вазьму, каго не, — кажа С. Дземіткевіч. — Як гэта выбіраць? Усе дзеці роўныя.

Са слязьмі на вачах узгадвае маці-выхавацель першыя ночы ўжо сваіх дзяцей. Многія ў сне кідаліся ўбакі, ускрыквалі, плакалі. Усіх яна супакойвала, як маленькіх, калыхала ўсю ноч. Такі клопат, увага і сардэчная цеплыня дапамаглі прабіцца праз псіхалагічную сцяну і знайсці ўзаемапаразуменне з выхаванцамі.

Не менш важна навучыць дзяцей рабіць элементарныя хатнія справы. І тут цярплівая мудрая Святлана Антонаўна дабілася добрых вынікаў. У кожным дзіцячым пакоі пануе парадак, адзенне акуратнымі стосамі складзена ў шафе, кнігі і падручнікі стаяць на паліцы, цацкі складзены ў адведзеным месцы. Здзівіла і мноства хатніх кветак на падаконніках, ёсць і акварыум з рыбкамі, які падарылі знаёмыя.

— Камусьці з дзяцей больш падабаеца работа ў хаце, — кажа С. Дземіткевіч, — нехта з задавальненнем завіхаецца ў агародчыку.

Да мужчынскай работы хлопчыкаў прывучае сын Святланы Антонаўны Антон, які таксама з’яўляецца выхавацелем у гэтай дружнай сям’і. Разам яны майструюць, рыхтуюць градкі пад пасадку, нацягваюць парнік, у вольны час гуляюць у футбол, іншыя цікавыя рухомыя гульні.

Галоўнае, што дзеці не цураюцца працы і выйдуць у самастойнае жыццё, умеючы рабіць многае, не будуць бездапаможнымі ў бытавым плане.

Ды і вучоба не на апошнім месцы, пра што сведчыць табель паспяховасці за мінулы год, які вісіць на сцяне ў кухні. Сярэдні бал — ад 5,4 да 7,9.

Ёсць у сям’і свае традыцыі. Кожную нядзелю ўсе абавязкова наведваюць касцёл, бо сувязь з Богам, лічыць С. Дземіткевіч, робіць чалавека добрым і спагадлівым. Пасля імшы накіроўваюцца ў мясцовую бібліятэку. І перад сном паўгадзіны ўсе чытаюць кнігі. Спачатку, адзначыла Святлана Антонаўна, проста гарталі старонкі, разглядалі малюнкі, але з цягам часу “ўцягнуліся” ў чытанне і зараз раяць адзін аднаму, якую кнігу прачытаць.

Адзначаюць дні нараджэння, уласнымі рукамі рыхтуюць імянінніку падарункі. Часта вечарамі збіраюцца на кухні і разважаюць на злабадзённыя тэмы, мараць пра будучыню.

Так, жыццё гэтай згуртаванай сям’і падпарадкавана закону: дзе я — там усе, дзе ўсе — там я.

Безумоўна, бывае, што хтосьці не паслухаецца, нешта не тое зробіць. Але ж такое з кожным дзіцём здараецца. А пабегаць, паскакаць усім хочацца — на тое і дзеці.

Змяніліся адносіны і відзаўчан. Калі спачатку такое суседства яны ўспрынялі “ў штыкі”, то сёння многія дамапагаюць: бульбай ці гароднінай падзеляцца, хатнія нарыхтоўкі ці варэнне прынясуць, за што гаспадыня ім вельмі ўдзячна.

Пакуль Святлана Антонаўна дзялілася сакрэтамі свайго выхаваўчага майстэрства, дамоў вярнуліся і старэйшыя дзеці, акрамя Мікіты, які наведвае яшчэ і музычную школу.

Кожны з радасцю забягаў, расказваў школьныя навіны. Адразу бачна, што ўсе дзеці, якія называюць Святлану Антонаўну мамай, адчуваюць сябе тут цалкам свабодна і спакойна, бо яны сапраўды дома.

Алена Пятушка.

Фота аўтара.