Друя натхніла мастакоў

Новости


882-300x200У мінулую пятніцу, 4 верасня, у музеі традыцыйнай культуры адбылося адкрыццё выставы мастацкіх работ пленэру “Пачаткі”, які праходзіў гэтым летам у манастыры пры касцёле Найсвяцейшай Троіцы ў Друі.

Яго ініцыятарам выступіў ксёндз Сяргей Сурыновіч. Па запрашэнні настаяцеля мясцовай парафіі ў Друю з’ехаліся 14 таленавітых мастакоў. Творы многіх з іх, напрыклад, Дзмітрыя Сурыновіча, Алеся Сушы, Кацярыны Сумаравай, Вольгі Куваевай знаходзяцца ў еўрапейскіх калекцыях, выстаўляюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва і інш.  Як расказаў на адкрыцці выставы ксёндз Сяргей Сурыновіч, мастакам было прапанавана па заканчэнні пленэру пакінуць для будучага мясцовага музея па адным палатне, створаным у Друі, аднак некаторыя падарылі па некалькі. Увогуле на ўсіх карцінах адлюстравана наваколле Друі і яе цікавая забудова. Гэта таксама была адна з умоў удзелу ў пленэры. Цікава, што сярод запрошаных быў мастак з прозвішчам, падобным да назвы мястэчка, — Віталь Друй. Ён, напрыклад, намаляваў 3 карціны, якія ўсе і пакінуў у дар.

Па заканчэнні пленэру была праведзена выстава з запрашэннем мясцовых жыхароў. Яны, па словах ксяндза Сяргея Сурыновіча, былі ўражаны ўбачаным і шчыра дзякавалі мастакам за магчымасць па-іншаму зірнуць на родныя мясціны.

У выставачнай зале музея традыцыйнай культуры зараз выстаўляецца каля 20 работ мастакоў з розных куткоў Беларусі. І гэта толькі частка пакінутых на памяць жывапісных палотнаў і акварэляў. Разглядаючы іх, быццам блукаеш па вулачках Друі з яе багатай архітэктурнай спадчынай ці стаіш на беразе Дзвіны, любуючыся яе хвалямі. Ні адно палатно не пакідае цябе абыякавым, асабліва калі ты сам неаднойчы бываў у Друі.

Выстава будзе цікавая тым, хто мае непасрэднае дачыненне да гэтага мястэчка з яго багатай гісторыяй,  выхадцам з Друі, якія жывуць за межамі сваёй маленькай радзімы, а таксама ўсім, хто неабыякавы да нашага роднага краю.

 

Алена Набеева.

Фота аўтара.