Лясныя масівы пад аховай

Главное

450x200З-за спякотнага сухога надвор’я ў рэспубліцы ўведзена забарона на наведванне лясоў. Не стаў выключэннем і Браслаўскі раён. Адпаведнае рашэнне было прыняў райвыканкам яшчэ ў чэрвені. Праўда, паколькі наш раён наведвае шмат турыстаў, то ім дазволена размяшчацца на спецыяльна абсталяваных нацыянальным паркам стаянках, распальваць вогнішчы таксама ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах. Толькі не ўсе людзі як мясцовыя жыхары, так і прыезджыя падпарадкоўваюцца ўведзенай забароне.
Як расказаў аўтару гэтых радкоў начальнік аддзела аховы прыродных комплексаў НП «Браслаўскія азёры» Іван Тышкевіч, кожны дзень на патруляванне лясоў выпраўляюцца 2 групы інспектараў, якімі выяўлены ачаг узгарання лесу ў Друйскім лясніцтве (яго хутка ўдалося патушыць), затрыманы 16 грамадзян, якія ігнаравалі ўзгаданае рашэнне райвыканкама. На іх складзены пратаколы, выпісаны штрафы, а яны не малыя — да 25-ці базавых велічынь.
У мінулую суботу 22 жніўня Іван Іванавіч разам з інспектарам аддзела Анатолем Падоба запрасілі і мяне прыняць удзел у рэйдзе. І парушальнікаў доўга шукаць не давялося. Калі пад’язджалі да вёскі Далёкія, на ўскрайку лесу ўбачылі дым. На месцы высветлілася, што жыхар Даўгаўпілса, які мае расійскую прапіску і дачу ў Далёкіх, запаліў кучу галля. Агонь перакінуўся на іржэўнік, гарэла трава, якую ён тушыў граблямі (на здымку). Інспектары дапамаглі затушыць полымя, а на вінаватага склалі пратакол.
На беразе возера Доўгае ў 130 квартале Опсаўскага лясніцтва ў двух месцах разбілі палаткі мінчане. Прычым на адной са стаянак гарэў касцёр, што катэгарычна забаронена.
Вінаватыя таксама будуць пакараны.
Кінулася ў вочы і тое, што на такіх вось «дзікіх» стаянках адпачываючыя пакідаюць горы смецця. Праўда не ўсім гэта сходзіць з рук. За такія дзеянні пакарана 103 чалавекі.
Нягледзячы на тое, што з трох афіцыйных стаянак на возеры Болта адна была не занята, жыхар Мінска разбіў лагер па-за іх межамі. Калі ж складалі пратакол, парушальнік спрабаваў пераканаць інсектараў у тым, што не валодаў інфармацыяй пра забарону на наведванне лясоў. Але ж няведанне закона не вызваляе ад адказнасці.

Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.