Апантаны гісторыяй роднага краю

Год науки Люди

IMG_8282 (Medium)Кожны куточак Беларусі багаты сваёй гісторыяй, культурай і спадчынай, якую мы павінны вывучаць, любіць і берагчы. Не з’яўляецца выключэннем і наш сінявокі край. Багатае і цікавае мінулае мае Браслаўшчына, шмат таленавітых і знакамітых людзей узрасціла яна. А веданне гісторыі сваёй малой радзімы — гэта той мінімум, якім павінен валодаць кожны адукаваны чалавек. Таму дарэчы будзе спытаць, як даўно вы былі ў нашым гісторыка-краязнаўчым музеі.
З вялікім задавальненнем яго супрацоўнікі раскажуць вам цікавыя легенды пра нашы прыгожыя мясціны, пазнаёмяць з гістарычнымі фактамі і падзеямі, назавуць славутыя імёны роднага краю. Амаль два гады з цікаўнымі наведвальнікамі дзеліцца ведамі пра сваю бацькаўшчыну і навуковы супрацоўнік музея Ілля Вашкель. Нягледзячы на непрацяглы стаж, у маладога супрацоўніка ёсць усе неабходныя якасці, патрэбныя ў музейнай справе, — адказнасць, уседлівасць, добрасумленнасць і сур’ёзнасць, кажа дырэктар раённага аб’яднання музеяў Надзея Дударонак.
Тры гады пасля заканчэння факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Ілля Мікалаевіч працаваў гісторыкам у Плюскай школе. Але жаданне займацца даследчай дзейнасцю перасіліла і прывяло яго ў гістарычную і культурную скарбніцу нашага раёна.
Музейны работнік не проста гісторык. Каб правесці захапляльную і змястоўную экскурсію, трэба дасканала ведаць музейны прадмет, экспанат, поўна і грунтоўна адказваць на любыя, нават самыя недарэчныя пытанні наведвальнікаў. Таму навуковаму супрацоўніку немагчыма зацікавіць іх без карпатлівай фондавай работы, дасканалага вывучэння разнастайных дакументаў і матэрыялаў. Адначасова трэба быць і творчай асобай, якая ўмее перадаць аўдыторыі свае трапяткія адносіны да гісторыі роднага краю. Толькі такія якасці экскурсавода могуць пакінуць у душах і сэрцах наведвальнікаў трывалы след любові і павагі да сваёй бацькаўшчыны.
— Вельмі часта, — дзеліцца сваімі назіраннямі І. Вашкель, — у пачатку экспазіцыі бачу ў экскурсантаў прахалодныя адносіны да музея. Але лёд хутка растае, і паступова з’яўляецца зацікаўленасць, павага і захапленне.
У фондавых сховішчах нашай гістарычнай скарбніцы каля 24 тысяч разнастайных музейных экспанатаў і дакументаў. Таму сабраць, граматна размясціць і падпісаць экспазіцыю адпаведнай тэматыкі — складаная і скрупулёзная праца часам працягласцю каля месяца.
На Браслаўшчыне пахавана амаль 10000 ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, з іх звыш 4,5 тысячы невядомых абаронцаў Айчыны. Кожны год у рамках дзяржаўнай праграмы “Пошук” высвятляюцца новыя імёны салдат. Запыты ад сваякоў з розных краін прыходзяць і ў музейнае аб’яднанне.
Шмат імёнаў вернута з небыцця гісторыі, дзякуючы стараннай пошукавай рабоце школьнікаў, моладзі, членаў грамадскага аб’яднання “Пошук” і, безумоўна, музейных супрацоўнікаў. Мноства падзячных пісьмаў ад родных загінулых прыходзіць і ў наш музей.
У святой справе аднаўлення імён невядомых салдат ёсць і лепта Іллі Вашкеля. Не толькі ў рабочыя, але і ў выхадныя дні ён упарта на ўласнай машыне едзіць па раёне ў пошуках сведкаў, па крупінках збірае звесткі пра загінулых на нашай зямлі.
За важкі ўклад у гэту пачэсную місію падчас святкавання Дня Вялікай Перамогі ён атрымаў ад старшыні райвыканкама Уладзіміра Дранеўскага памятны падарунак.
Ёсць у Іллі Мікалаевіча і яшчэ адна трапяткая тэма — Першая сусветная вайна, вывучэнню якой ён таксама надае шмат часу. Неаднойчы навуковы супрацоўнік друкаваў у райгазеце невядомыя да гэтай пары факты пра яшчэ адзін з трагічных перыядаў у гісторыі Браслаўшчыны, выступаў з дакладам на канферэнцыях у Полацку і Латвіі.
Пісьменнік Францішак Багушэвіч у сваёй прадмове да зборніка вершаў “Дудка беларуская” пісаў: “Яно добра, а нават і трэба ведаць суседскую мову, але найперш трэба ведаць сваю.”
Усведамляючы ў шырокім сэнсе выказванне беларускага класіка, апантаны краязнаўца Ілля Вашкель упэўнена сцвярджае: “Добра і трэба ведаць гісторыю іншых краін, але найперш трэба ведаць гісторыю сваёй малой радзімы.”

Алена Пятушка.
Фота аўтара.